Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 мая 2020, 11:31

Распрацоўка лякарстваў і тэст-сістэм - Гусакоў аб прапановах навукі па процідзеянні COVID-19

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя сфарміравалі пакет навуковых прапаноў па процідзеянні каранавірусу. Аб гэтым расказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў у інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня", паведамляе БЕЛТА.

"Намі сфарміраваны пакет найбольш актуальных навуковых прапаноў і мер, накіраваных на комплекснае процідзеянне каранавірусу: ад распрацовак прэпаратаў для людзей і свойскіх жывёл да матэрыялаў і абсталявання медыцынскага прызначэння. Распрацаваны антысептычныя лякарствы, тэст-сістэмы па выяўленні антыцелаў да COVID-19 (экспрэс-тэсты, тэст-палоскі і тэст-сістэмы для вызначэння антыцелаў), наборы рэагентаў для біяхімічных даследаванняў ДНК-ВК", - сказаў Уладзімір Гусакоў.

Беларускія інфарматыкі і біяхімікі з дапамогай супервылічальных сістэм праводзяць сумесныя даследаванні па камп'ютарным мадэляванні хімічных злучэнняў для стварэння перспектыўных лякарстваў супраць каранавіруса. Устаноўлены шэраг злучэнняў, значных з пункту гледжання іх процівіруснай актыўнасці. Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН прапанаваў метад лячэння цяжкіх пнеўманій з прымяненнем пуліраваных алагенных мезенхімальных ствалавых клетак. "Міністэрства аховы здароўя ўжо адобрыла праект задання на яго распрацоўку. На думку спецыялістаў, прымяненне ствалавых клетак можа значна палепшыць рэзультаты лячэння. Акрамя таго, акадэмічныя вучоныя знайшлі метад выдзялення, стандартызацыі і прымянення экзасом мезенхімальных ствалавых клетак для лячэння фіброзу лёгкіх - наступства інтэрстыцыяльных пнеўманій, выкліканых каранавірусам", - адзначыў старшыня Прэзідыума НАН.

У ТДА "Праймтэх" у супрацоўніцтве з Інстытутам фізіка-арганічнай хіміі НАН арганізавана вытворчасць панэлі для аналізу чатырох мішэней каранавіруснай РНК. Пастаўлены 550 набораў ДНК-ВК, якія выкарыстоўваюцца ў лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, у тым ліку для дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі.

З мэтай стварэння новых дыягнастычных ПЦР-лабараторый для насельніцтва Мінскай і Гомельскай абласцей (Ратамка, Салігорск, Барысаў, Маладзечна, Гомель) НАН Беларусі перадала Мінскаму абласному цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Салігорскаму занальнаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, а таксама Гомельскаму дзяржаўнаму медыцынскаму ўніверсітэту комплекс абсталявання (больш за 100 адзінак), а таксама лабараторныя інструменты і расходныя матэрыялы. "Пастаўленае намі абсталяванне дае магчымасць аператыўна апрацоўваць сотні тэстаў за суткі і выяўляць самую малую колькасць каранавіруса ў біялагічных пробах", - адзначыў старшыня Прэзідыума НАН.

Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН паставіў спецыяльны апарат для ўльтрагукавой зваркі палімерных матэрыялаў, што таксама выкарыстоўваецца пры вытворчасці рэспіратараў. А Інстытут механікі металапалімерных сістэм НАН актыўна выкарыстоўвае 3D-друк для вырабу ахоўных экранных масак для медыкаў.

"Ад каранавіруса церпяць і прадстаўнікі жывёльнага свету, у прыватнасці, свойскія і сельскагаспадарчыя жывёлы. Вучоныя Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі НАН напрацавалі каля 20 прэпаратаў і вакцын для розных прызначэнняў і груп жывёл. Прычым з-за недастатковай вывучанасці механізмаў пераходу віруса паміж жывымі арганізмамі і спецыфікі яго мутацыі распрацоўкі ў галіне ветэрынарнай медыцыны даволі каштоўныя ў пазнанні ўсяго віруснага спектра і ўплыву вірусаў на чалавека", - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Як паведамлялася, у Беларусі створана рэспубліканская міжведамасная рабочая група па пераадоленні COVID-19. У групу ўвайшлі больш за 30 спецыялістаў, якія прадстаўляюць акадэмічную і вузаўскую навуку. Гэта вядучыя вучоныя НАН, міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі, а таксама медыкі - практыкі арганізацый сістэмы аховы здароўя краіны. Мэта групы - арганізацыя і каардынацыя дзейнасці вучоных і медыцынскіх работнікаў усёй краіны для практычнай рэалізацыі комплексаў мерапрыемстваў па пераадоленні каранавіруса.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі