Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 студзеня 2022, 16:14

Рачкоў: грамадзяне глыбока акунуліся ў абмеркаванне праекта Канстытуцыі

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадская прыёмная пры Савеце Рэспублікі па абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю працуе сёння з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея Рачкова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Грамадскія прыёмныя пры Савеце Рэспублікі працуюць ужо каля двух тыдняў. Вопыт паказвае, што насельніцтву вельмі цікава новая рэдакцыя Асноўнага закона. Людзі сапраўды акунуліся ў тэматыку і глыбока вывучаюць тэкст тых змяненняў і дапаўненняў, якія ўносяцца ў Канстытуцыю. Грамадзян хвалюе будучае нашай краіны", - адзначыў Сяргей Рачкоў.

Паводле яго слоў, шмат меркаванняў гучыць аб тым, што беларусам трэба захаваць сваю дзяржаўнасць, стабільнасць, бяспеку і спакой у краіне і хто можа выступаць гарантам гэтага. "Выказваюцца меркаванні, што, можа, немэтазгодна абмяжоўваць двума тэрмінамі прэзідэнцкую пасаду. Размова ідзе аб цяперашнім кіраўніку дзяржавы, многія кажуць, што стабільнасць і бяспеку Беларусі ў будучым можа захаваць цяперашні Прэзідэнт, - расказаў сенатар. - Грамадзян таксама хвалююць пытанні справядлівасці. У Канстытуцыі запісана, што мы прадаўжаем фарміраваць і ўдасканальваць сацыяльную, прававую, дэмакратычную дзяржаву. Людзі прапануюць дапоўніць фармулёўку "справядлівая дзяржава". Гэта тэма ў далейшым адлюстроўваецца людзьмі на прыёмах пры разглядзе іх жыццёвых праблем, якія не ўдаецца вырашыць у тых ці іншых дзяржаўных органах і ў першую чаргу з мясцовымі ўладамі".

Парламентарый падкрэсліў, што ў цэлым людзі вельмі пазітыўна і канструктыўна вывучаюць апублікаваны дакумент. Так, адзін грамадзянін на прыёме ўнёс 22 прапановы па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю, якія вельмі дакладна, скрупулёзна і дэталёва прапрацаваны. "У мяне на сустрэчы не было ніводнага наведвальніка, які катэгарычна штосьці адхіляў бы, не прапаноўваючы, - сказаў ён. - Цяпер усюды праводзяцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі, дыялогавыя пляцоўкі, вельмі актыўна працуюць сродкі масавай інфармацыі, адлюстроўваючы ход усенароднага абмеркавання Канстытуцыі. Гэта адчуваецца, калі людзі прыходзяць на прыём з больш вузкім колам пытанняў, якія напэўна яшчэ будуць абмяркоўвацца ў час пасяджэнняў Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы, якая створана Прэзідэнтам, каб акумуляваць усе прапановы, што паступаюць. Мы вельмі ўважліва і дасканала ўсё апрацоўваем і накіроўваем у Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, каб заўвагі, з якімі прыходзяць грамадзяне на грамадскія прыёмныя, былі адпрацаваны і па магчымасці ўлічаны".

Сяргей Рачкоў таксама звярнуў увагу, што паступаюць прапановы, якія выходзяць за рамкі фармату Канстытуцыі. "Гэта дэталёвыя або канцэптуальнага характару пытанні, якія не прадугледжваецца вырашаць у рамках Асноўнага закона. Таму таксама вельмі важна, што грамадзяне ўносяць такія прапановы. Мы іх фіксуем і плануем выкарыстоўваць у ходзе заканатворчай дзейнасці Савета Рэспублікі. Такім чынам усе прапановы і заўвагі будуць карыснымі", - дапоўніў сенатар.

Сустрэча з грамадзянамі па абмеркаванні новай рэдакцыі Асноўнага закона прадоўжыцца да 17.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі