Сцяг Пятніца, 10 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2025, 10:13

Работы на конкурс па спартыўным праве прымаюцца па 31 сакавіка

 

Фота noc.by
Фота noc.by
10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стартаваў XV штогадовы конкурс на лепшую работу па тэме "Спартыўнае права ў Рэспубліцы Беларусь", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Конкурс накіраваны на прыцягненне грамадскай увагі да праблем прававога рэгулявання адносін у сферы фізічнай культуры і спорту і актывізацыю навуковага даследавання гэтых праблем і праводзіцца па такіх намінацыях, як "Лепшая студэнцкая работа", "Лепшая работа юрыста, які працуе ў спартыўнай сферы", "Лепшая работа юрыста, які не працуе ў спартыўнай сферы", "Лепшая работа юрыста, які мае вучоную ступень і вучонае званне", "Лепшае прыкладное даследаванне ў сферы спартыўнага права". Работы можна прысылаць па 31 сакавіка 2025 года. Вынікі будуць аб'яўлены ў маі 2025 года.

Як адзначаецца на сайце грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў", для ўдзелу ў конкурсе, нараўне з работамі, якія ўдзельнічаюць у ім на агульных асновах, прымаюцца навуковыя артыкулы ў галіне спартыўнага права. Работы павінны адпавядаць патрабаванням, што прад'яўляюцца Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Беларусі (ВАК). Лепшы артыкул па рашэнні журы будзе адзначаны спецыяльным дыпломам і рэкамендаваны для публікацыі ў выданнях, уключаных у пералік навуковых выданняў ВАК.

Работы канкурсантаў ацэньваюцца ў балах па пераліку крытэрыяў. Самыя важкія з іх - актуальнасць пастаўленых і вырашаемых у рабоце праблем, глыбіня і якасць праведзенага даследавання, творчы і самастойны характар работы.

Упершыню конкурс на лепшую работу па тэме "Спартыўнае права ў Рэспубліцы Беларусь" адбыўся ў 2010-2011 гадах і выклікаў вялікі інтарэс у работнікаў дзяржаўных органаў, арганізацый фізічнай культуры і спорту, прадстаўнікоў навуковай супольнасці, юрыстаў-практыкаў, а таксама ў студэнцкай моладзі. З таго часу ён стаў штогадовым мерапрыемствам, увага да якога з часам не слабее. Для многіх аўтараў удзел у конкурсе ўжо традыцыя, работы некаторых з іх неаднаразова адзначаны журы.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў", НАК Беларусі, ТАА "ЮрСпектр" пры падтрымцы Міжнароднага саюза юрыстаў, юрыдычнага факультэта БДУ і факультэта права БДЭУ.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі