Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 верасня 2021, 15:14

Работнікам прапануюць новы выгадны механізм для добраахвотнага накапляльнага страхавання пенсій

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работнікам у Беларусі прапануюць новы выгадны механізм для добраахвотнага накапляльнага страхавання пенсій. Ён прадугледжаны ў праекце ўказа Прэзідэнта, які сёння разгледжаны на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы і ў цэлым адобраны. Аб гэтым паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч па выніках нарады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр нагадала, што ў Беларусі людзі карыстаюцца пераважна салідарнай пенсійнай сістэмай. Аднак ёсць і тыя, хто ўдзельнічае ў праграмах добраахвотнага накапляльнага страхавання пенсій. "Але яно не атрымала такога належнага развіцця, як у іншых краінах, у якасці дадатковага кампанента ў пенсійнай сістэме. Толькі каля 5 працэнтаў занятых у эканоміцы пайшлі на добраахвотнае страхаванне", - сказала яна. Як правіла, людзі не самі ініцыююць удзел у добраахвотным пенсійным страхаванні, а гэта робяць наймальнікі, уключаючы такую магчымасць у сацпакет.

Ірына Касцевіч падкрэсліла: салідарная пенсійная сістэма ў краіне захоўваецца. Па ёй толькі ў гэтым годзе каля Br15 млрд будуць накіраваны на выплату пенсій, дзяржава захоўвае свае гарантыі па пенсійным забеспячэнні. Так, у верасні сярэдняя пенсія па ўзросце складае Br545. "Наша задача - каб кожны грамадзянін спадзяваўся не толькі на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе дзяржаўнай пенсіі па старасці, якую мы, як па заканадаўстве належыць, будзем выплачваць у поўным аб'ёме ва ўстаноўленыя тэрміны. Кожны чалавек павінен быць зацікаўлены ў павышэнні свайго ўзроўню і якасці жыцця ў старасці. Таму і прапануецца новы механізм па добраахвотным накапляльным страхаванні", - растлумачыла міністр.

У чым жа сутнасць новага механізма добраахвотнага пенсійнага страхавання? Работнікам будзе прапанавана выплачваць дадатковы ўзнос (акрамя абавязковага цяпер узносу ў памеры 1 працэнта ад заработнай платы) на накапляльную пенсію ў памеры да 10 працэнтаў заработку. Дакладны памер кожны выбірае самастойна, але ён не можа перавышаць 10 працэнтаў. Адначасова работадавец будзе абавязаны рабіць даплаты, суразмерныя ўзносам работнікаў. Калі чалавек выбірае ўзнос 1 працэнт, 2 працэнты або 3 працэнты, то наймальнік дабаўляе такі ж працэнт. Калі выбірае 4 працэнты і вышэй (але не больш за 10 працэнтаў), то наймальнік усё роўна дабаўляе 3 працэнты.

Пры гэтым нагрузка на наймальнікаў не павялічыцца. Выплачваць працэнты работнікам яны будуць са сродкаў, прадугледжаных на абавязковы ўзнос у бюджэт ФСАН, які складае 28 працэнтаў. Напрыклад, 3 працэнты пойдзе на добраахвотнае пенсійнае страхаванне работніка і 25 працэнтаў - у ФСАН.

Праект указа, які ўключае ўсе гэтыя нормы, падтрыманы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. "Думаю, у бліжэйшы час ён будзе падпісаны", - расказала Ірына Касцевіч.

Новыя магчымасці ў Мінпрацы называюць дадатковым фінансавым бонусам, стымулам, які падштурхне развіццё добраахвотнага пенсійнага страхавання. Пры гэтым за чалавекам захоўваюцца ўсе пенсійныя гарантыі з боку дзяржавы. "Для чалавека ніякіх страт, а толькі плюсы. Таму што, ідуючы ў добраахвотную пенсійную страхавую сістэму, ён фарміруе свой дадатковы даход на старасць", - лічыць міністр.

Журналісты пацікавіліся, як сродкі накапляльнай пенсійнай сістэмы будуць абаронены ад абясцэньвання. Ірына Касцевіч прызнала, што пэўныя рызыкі існуюць. Таму ў Мінпрацы і не разлічваюць, што сістэмай добраахвотнага пенсійнага страхавання скарыстаюцца ўсе работнікі. "Мы бачым, што, хутчэй за ўсё, інтарэс будзе ў тых людзей, у каго засталося недзе 10 гадоў да пенсіі. Гэта значыць тыя, у каго ўжо ёсць арыенціры, разуменне таго, што праз нейкі кароткі прамежак табе трэба задумацца аб сваім новым узроўні жыцця", - адзначыла яна. Паводле слоў міністра, важна, што адкладзеная па гэтай сістэме сума будзе атрымлівацца ў спадчыну і капіталізавацца, гэта значыць грошы будуць не проста накоплівацца, а працаваць на эканоміку, укладвацца ў інвестыцыйныя праекты з высокай даходнасцю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі