Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 кастрычніка 2021, 14:59

Пытанні са шкоднымі вытворчасцямі паблізу жылля ў Мінскай вобласці вырашаны пасля прыёму грамадзян Сергяенкам

26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзве праблемы з размяшчэннем вытворчасцей у непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў вырашаны ў Мінскай вобласці пасля выязнога прыёму грамадзян з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі, праведзенага 15 верасня ў Валожынскім раёне. Аб гэтым карэспандэнт БЕЛТА расказалі ў райвыканкамах сталічнага рэгіёна.

Жыхароў вуліцы Марыны Малаковіч пасёлка Калодзішчы Мінскага раёна доўгі час хвалявалі праблемы шуму, драўнянага пылу і рэзкіх пахаў, якія, на думку заяўнікаў, узнікалі ў выніку дзейнасці прыватнага прадпрыемства па вытворчасці мэблі. "Цэхі размяшчаліся ў непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў. Паводле слоў жыхароў, часам распіловачныя станкі шумелі нават у выхадныя, у паветры пастаянна адчуваўся рэзкі пах. Гэта стварала дыскамфорт жыхарам пасёлка, некаторыя пачалі задумвацца аб пераездзе. Пытанне спрабавалі вырашыць з уладальнікам самастойна, аднак не да чаго не прыйшлі. Сітуацыя змянілася месяц таму, калі з калектыўнай просьбай аб вырашэнні праблемы звярнуліся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі", - расказалі ў Мінскім райвыканкаме.

Па яго распараджэнні была ініцыявана праверка дзейнасці вытворчасці, у час якой змералі шум у памяшканнях і на тэрыторыі прадпрыемства, зрабілі замеры выкіду пылу ў атмасферу, а таксама ацанілі санітарны стан памяшканняў. Парушэнняў не выявілі, аднак уладальнік прадпрыемства ў адпаведнасці з заканадаўствам быў абавязаны праводзіць вымярэнне шуму і выкідаў пылу рэгулярна за свой кошт. Каб не турбаваць мясцовых жыхароў, прадпрымальнік прыняў рашэнне пакінуць арандаванае памяшканне і пераехаць на пляцоўку на адлегласці ад жылой забудовы ў раён Заслаўя. Паводле яго слоў, новае месца яго поўнасцю задавольвае.

Аналагічную праблему вырашылі жыхары вёскі Прошыка Крупскага раёна. Тут прыватнае прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, вытворчасці пелет і паліўных шчэпак размяшчалася за 20 метраў ад жылых дамоў. Яно функцыянавала некалькі гадоў, але па меры нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці пачалі з'яўляцца прэтэнзіі ад мясцовых жыхароў. На прыёме грамадзян у Ігара Сергяенкі адзін з вяскоўцаў расказаў, што пры рабоце прадпрыемства па вёсцы заўсёды сцелецца дым, паветра з-за выкідаў у населеным пункце і яго наваколлі заўсёды цяжкае.

"Па распараджэнні кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта пытанне ўзяло на кантроль Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Былі ініцыяваны праверкі, у час якіх выявілі парушэнні санітарных норм і праблемы з дакументацыяй. Работа прадпрыемства прыпынена. Там наводзяць парадак, устараняюць парушэнні, пасля чаго адпаведныя органы будуць разглядаць пытанне аб прадаўжэнні дзейнасці вытворчасці ў гэтым месцы. Пры неабходнасці будзем прапаноўваць пляцоўкі для размяшчэння вытворчасці на базе маёмасці, што не выкарыстоўваецца, на адлегласці ад населеных пунктаў. Мы зацікаўлены, каб вырашыць праблему і мясцовых жыхароў, і прадпрыемства, дзе працуюць каля 160 чалавек. Зробім усё магчымае, каб усе засталіся задаволены", - расказалі ў Крупскім райвыканкаме.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка 27 кастрычніка прыме ўдзел у пасяджэнні Вілейскага райвыканкама, а таксама ў 12.00 правядзе там асабісты прыём грамадзян.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі