Сцяг Чацвер, 25 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 чэрвеня 2024, 15:03

Публікацыя маладых аўтараў і міжнароднае супрацоўніцтва: Саюз пісьменнікаў аб перспектыўных напрамках работы

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч расказаў аб самых перспектыўных напрамках работы арганізацыі ў час прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксандра Карлюкевіча, адным з прыярытэтных напрамкаў з'яўляецца супрацоўніцва з Міністэрствам культуры. "Разам з культурна-адукацыйнымі інстытуцыямі мы праводзім вялікую работу па прапагандзе сучаснай беларускай літаратуры. У нас ёсць цэнтр папулярызацыі літаратуры, які ўзначальвае Анатоль Мацвіенка. А дзякуючы партнёрству з установамі культуры мы стварылі цэлую сетку фестываляў, у першую чаргу дзіцячай літаратуры і дзіцячага чытання. Такія фестывалі праходзяць не толькі ў Мінску, але і ў розных абласцях і рэгіёнах краіны", - адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.

"Добрыя адносіны ў нас складваюцца і з Міністэрствам адукацыі. Пісьменнікі - частыя госці ў школах. Яны выступаюць на самыя розныя тэмы, у тым ліку па грамадзянска-палітычных пытаннях і патрыятычным выхаванні. Вельмі актыўна апошнім часам працуюць публіцысты", - дадаў Аляксандр Карлюкевіч.

Ён падкрэсліў, што развіваецца і міжнароднае супрацоўніцтва. У складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі каля 50 прадстаўнікоў з іншых краін. У 2022 годзе выйшаў калектыўны зборнік 9 беларускіх аўтараў на кітайскай мове. Перакладам займаліся выкладчыкі Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў, дзе працуе цэнтр даследавання Беларусі. Ва Узбекістане рыхтуецца да выдання анталогія дзіцячай беларускай літаратуры, а зусім нядаўна ў Башкортастане на башкірскай мове выйшла анталогія паэзіі і прозы беларускіх пісьменнікаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец заўважыў, што ў складзе арганізацыі ёсць грамадзяне Аўстрыі, Балгарыі, Сербіі, Францыі і іншых краін. На яго думку, гэта дапамагае абменьвацца вопытам і садзейнічае павышэнню ўзроўню беларускай літаратуры. Ён дадаў, што з самага пачатку стварэння саюза яго ўдзельнікі ўдзялілі ўвагу ўзніманню аўтарытэту беларускай літаратуры на міжнароднай арэне. Яны заключылі пагадненні амаль з 30 пісьменніцкімі арганізацыямі 30 краін, у тым ліку дагавор аб літаратурным супрацоўніцтве з арганізацыяй арабскіх пісьменнікаў, куды ўваходзіць 39 арабскіх дзяржаў.

Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота дадаў, што сёння праводзіцца вялікая работа з маладымі пакаленнямі. "Пры нашай творчай арганізацыі створаны савет па рабоце з моладдзю, які прызначаны аб'яднаць усіх маладых творчых людзей, дапамагчы ім і накіраваць іх у патрэбны бок. У ходзе гэтай работы праводзяцца сустрэчы з моладдзю, у тым ліку ў бібліятэках. Маладзёжная арганізацыя нашага саюза падпісала дагавор з такой жа арганізацыяй з Расіі. Учора на сустрэчы ў Доме літаратараў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў уручыў членскі білет новаму маладому члену Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэта яшчэ раз падкрэслівае тую ўвагу, якую мы ўдзяляем моладзі", - сказаў Аляксей Чарота. Паводле яго слоў, сёння створаны такія ўмовы, што ў саюз могуць уступіць маладыя пісьменнікі, у якіх яшчэ няма выдадзеных кніг, але ёсць тры сур'ёзныя публікацыі ў дзяржаўных літаратурных выданнях Беларусі, такіх як "Нёман, "Маладосць", "Полымя".

"Саюз пісьменнікаў жыве не асобна ад іншых творчых арганізацый нашай краіны. Мы супрацоўнічаем з рознымі саюзамі. У прыклад можна прывесці суботнік, які мы праводзілі сумесна з Беларускім саюзам кінематаграфістаў. У Парку пісьменнікаў, які знаходзіцца каля Нацыянальнай бібліятэкі, побач з дрэвамі ў гонар пісьменнікаў было пасаджана дрэва ў гонар дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, вядомага беларускага акцёра Руслана Чарнецкага", - дадаў Аляксей Чарота.

Акрамя таго, Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што існуе сістэма дзяржаўнай падтрымкі маладых аўтараў. "Літаральна праз месяц-два выйдзе калектыўная кніга апавяданняў маладых празаікаў Беларусі, якія да гэтага ўжо былі надрукаваны ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы і прайшлі праверку часу. Думаю, што тое ж адбудзецца і з маладымі паэтамі", - рэзюмаваў Аляксандр Карлюкевіч.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі