ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 29 ліпеня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 лютага 2021, 16:39

Прыняты рэзалюцыя і зварот удзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу

Фота з архіва
Фота з архіва

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыняты рэзалюцыя і зварот удзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў старшыня рэдакцыйнай камісіі Валерый Міцкевіч, правядзенню форуму папярэднічала вялікая грамадская дыскусія, арганізаваная ў розных фарматах. Было створана 1,2 тыс. дыялогавых пляцовак, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый, бізнес-супольнасцей, студэнцкай і працоўнай моладзі. Ва ўсіх рэгіёнах краіны працавалі грамадскія прыёмныя.

"На афіцыйны сайт Усебеларускага народнага сходу свае ініцыятывы і прапановы накіравалі больш за 1,4 тыс. чалавек. Усяго ў ходзе агульнанацыянальнай грамадскай дыскусіі ў арганізацыйны камітэт сходу паступіла звыш 17 тыс. прапаноў, якія датычацца перспектыў развіцця краіны. Абмеркаванне датычылася самага шырокага кола тэм: эканоміка, сацыяльная сфера, маладзёжная палітыка, грамадскае развіццё, дзяржаўнае будаўніцтва. Большая частка прапаноў сацыяльна-эканамічнага характару была ўключана ў асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады", - адзначыў Валерый Міцкевіч.

Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны абмяркоўваліся на працягу двух дзён. Адбыліся выступленні дэлегатаў і запрошаных. "Выступілі прадстаўнікі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бізнесу і грамадскіх арганізацый, моладзі, духавенства, дзяржслужачыя, эксперты. Думаю, са мной згодзяцца ўсе - абмеркаванне было шчырым і зацікаўленым, выказваліся самыя розныя меркаванні і прапановы. Але ўсіх іх аб'ядноўвае адно - адказная грамадзянская пазіцыя і імкненне зрабіць усё магчымае для развіцця і працвітання нашай радзімы, моцнай і незалежнай Беларусі, - адзначыў старшыня рэдакцыйнай камісіі. - За час работы паступіла больш за 140 пісем і прапаноў, як з боку дэлегатаў сходу, так і ад простых грамадзян. На мой погляд, гэта бачнае сведчанне непадробленай цікавасці людзей, разумення лёсавызначальнасці і той знакавай ролі, якую прызначаны адыграць наш форум у гісторыі сучаснай Беларусі".

Усе гэтыя прапановы былі вывучаны, абагульнены і сістэматызаваны. "З улікам асноўных палажэнняў даклада Прэзідэнта, выступленняў удзельнікаў сходу, паступіўшых прапаноў, рэдакцыйная камісія дапрацавала праект рэзалюцыі VI УНС", - дадаў Валерый Міцкевіч. Ён таксама зачытаў тэкст рэзалюцыі перад дэлегатамі і ўдзельнікамі форуму. Потым адбылося галасаванне.

"Аналіз вынікаў папярэдняй пяцігодкі сведчыць, што, нягледзячы на знешнія выклікі і абмежаванні, рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу ў асноўным выкананы. Удалося забяспечыць рост узроўню жыцця насельніцтва, захаваць бяспеку і суверэнітэт краіны. ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці ўзрос за пяцігоддзе на 14 працэнтаў і дасягнуў у 2020 годзе $20,2 тыс. У краіне забяспечана стабільная занятасць насельніцтва, рэальная заработная плата вырасла больш як у 1,3 раза. Захаваны кантроль за ростам цэн", - адзначаецца ў рэзалюцыі.

Чаканая працягласць жыцця дасягнула 74,5 года, што сведчыць у тым ліку аб высокім узроўні беларускай медыцыны. Краіна займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу спрыяльных для мацярынства краін. Кожнаму прадастаўлена магчымасць атрымаць якасную адукацыю. Па індэксе адукацыі рэспубліка ўваходзіць у топ-30 перадавых дзяржаў свету.

Знізілася адміністрацыйная і кантрольная нагрузка на бізнес. У рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business ("Вядзенне бізнесу - 2020") Беларусь заняла 49-ю пазіцыю сярод 190 эканомік свету. Разам з тым застаецца нявырашаным шэраг пытанняў. Неабходны больш інтэнсіўны рост ВУП, экспарту і інвестыцый.

Не зжыты бюракратызм у прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў. Не завершана стварэнне паўнацэннага электроннага ўрада. Патрабуюцца новыя стымулы для росту колькасці насельніцтва.

"Шосты Усебеларускі народны сход пастанаўляе: адобрыць асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады і падтрымаць яе галоўную мэту: забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве і росту дабрабыту грамадзян за кошт мадэрнізацыі эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі чалавека. Сацыяльная дзяржава застанецца нязменным нацыянальным брэндам Беларусі", - гаворыцца ў дакуменце.

Вызначыць наступныя прыярытэты будучага пяцігоддзя: шчаслівая сям'я - умацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, заснаваных на фізічным і духоўным дабрабыце, выхаванні дзяцей і моладзі, клопаце аб старэйшым пакаленні; моцныя рэгіёны - камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы, развітая сацыяльная інфраструктура, высокая мабільнасць, інвестыцыі ў новыя эфектыўныя вытворчасці; інтэлектуальнае асяроддзе - якасная і даступная адукацыя, раскрыццё асобаснага патэнцыялу, развіццё навукі. Стварэнне адукацыйнай сістэмы новага тыпу, нацэленай на выхаванне грамадзяніна, фарміраванне навыкаў і кампетэнцый, у поўнай меры адпаведных патрэбнасцям эканомікі; дзяржава-партнёр - умацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і грамадствам, дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнесам.

Рэалізацыя прыярытэтаў будзе ажыццяўляцца па наступных асноўных напрамках: паляпшэнне якасці жыцця праз узмацненне сямейнай палітыкі і ўмацаванне здароўя нацыі; паскоранае і збалансаванае рэгіянальнае развіццё праз стварэнне новых вытворчасцей, камфортнага асяроддзя пражывання, разгалінаванай транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры за межамі сталіцы і абласных цэнтраў; умацаванне прамысловасці праз мадэрнізацыю традыцыйных вытворчасцей, фарміраванне новых высокатэхналагічных галін, паглыбленне перапрацоўкі мясцовых сыравінных рэсурсаў.

У ліку ключавых напрамкаў - павышэнне канкурэнтаздольнасці аграпрамысловага комплексу праз узмацненне дысцыпліны землекарыстання, укараненне эфектыўных тэхналогій і лічбавізацыя, паглыбленне кааперацыі ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання; дынамічнае развіццё сферы паслуг праз развіццё транзітнага патэнцыялу і лагістыкі, пашырэнне ўнутранага і ўязнога турызму, павышэнне якасці і даступнасці сацыяльных паслуг; лічбавая трансфармацыя праз інтэграцыю інфармацыйна-камунікацыйных і перадавых вытворчых тэхналогій ва ўсе сферы жыццядзейнасці, павышэнне лічбавай дасведчанасці насельніцтва.

У дакуменце адзначаецца, што актыўная знешнеэканамічная палітыка будзе ажыццяўляцца праз пашырэнне экспарту на новыя рынкі, развіццё ўзаемавыгаднай эканамічнай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і СНД, умацаванне стратэгічнага супрацоўніцтва з КНР.

Ключавымі эканамічнымі фактарамі ў бягучай пяцігодцы будуць эфектыўнае размеркаванне рэсурсаў, удасканаленне сістэмы кіравання дзяржактывамі, роўнае развіццё арганізацый усіх форм уласнасці. Аднак дзяржава не стане пазбаўляцца ад уласнасці толькі з-за знешніх парад. Прадпрыемствам, прыналежным краіне, будзе гарантавана абарона, а іх работнікам - упэўненасць ў захаванні рабочых месцаў. У аснове сацыяльна-эканамічнай палітыкі застануцца надзённыя пытанні жыцця людзей - справядлівае цэнаўтварэнне, прымальныя тарыфы на асноўныя паслугі, эфектыўная занятасць і забеспячэнне дастойнай аплаты працы.

УНС пастанаўляе даручыць дзяржаўным органам прыняць вычарпальныя меры па дасягненні пастаўленай мэты і рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У сферы грамадска-палітычнага развіцця - адобрыць прапановы па забеспячэнні ўдзелу шырокіх слаёў насельніцтва ў распрацоўцы і рэалізацыі важнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, прызнаўшы Усебеларускі народны сход вышэйшай формай народнага прадстаўніцтва з заканадаўчым замацаваннем яго асаблівага прававога статусу; стварэнні канстытуцыйнай камісіі, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай грамадскасці, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

Гэтай камісіі ў 2021 годзе даручаецца распрацаваць прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі для іх далейшага вынясення на ўсенароднае абмеркаванне і рэспубліканскі рэферэндум; пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі органамі, у тым ліку органамі мясцовага кіравання і самакіравання, узмацненні ролі палітычных партый у жыцці краіны; падтрымцы стваральных ініцыятыў грамадзянскай супольнасці, накіраваных на вырашэнне канкрэтных сацыяльна-эканамічных праблем, павышэнне якасці жыцця людзей, садзейнічанне найбольш поўнаму раскрыццю творчага патэнцыялу моладзі; распрацоўцы праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва, сцвярджэнні ў грамадстве традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей і ўстановак беларускага народа.

У сямідзённы тэрмін рэзалюцыя будзе накіравана кіраўніку дзяржавы для разгляду і прыняцця неабходных рашэнняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі