Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2020, 17:05

Прыёмы грамадзян з выездам на месцы запатрабаваны насельніцтвам - Кунцэвіч

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Традыцыйныя прыёмы грамадзян, у тым ліку з выездам на месцы, запатрабаваны мясцовым насельніцтвам. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч у час сённяшняга прыёму грамадзян, які ён правёў у Крупках, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы бачым, што такія прыёмы, у тым ліку з выездам на месцы, запатрабаваны людзьмі. Па сутнасці, гэта своеасаблівая лакмусавая паперка, якая дазваляе зрабіць высновы аб сітуацыі ў раёне, аб падыходах мясцовых органаў улады да работы з людзьмі. Акрамя таго, як паказвае практыка, за канкрэтнай асабістай гісторыяй можа хавацца сістэмная праблема, якая патрабуе кіраўніцкіх рашэнняў на рэспубліканскім узроўні", - сказаў Андрэй Кунцэвіч. У якасці прыкладу ён прывёў работу па даручэнні Прэзідэнта над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе некаторыя прапановы былі скарэкціраваны з улікам зваротаў грамадзян. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта пазітыўна ацаніў работу з насельніцтвам Крупскага райвыканкама, нягледзячы на той факт, што на прыём запісаліся многія жыхары раёна, якія неаднаразова звярталіся са сваімі праблемамі як да мясцовых улад, так і ў вышэйстаячыя інстанцыі. "Я бачу, што на мясцовым узроўні прымаліся даволі адэкватныя рашэнні, ну а там, дзе неабходна падключыць рэспубліканскія органы кіравання, мы абавязкова гэта зробім і прыкладзём усе намаганні для вырашэння агульных пытанняў", - адзначыў Андрэй Кунцэвіч.

Усяго на прыём грамадзян звярнуліся больш за 15 заяўнікаў з Крупскага раёна, а таксама іншых раёнаў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Пытанні былі разнапланавымі. Так, напрыклад, на працягу некалькіх гадоў уладальніца прыватнага дома па суседстве з Крупскай раённай гімназіяй спрабуе замяніць старую агароджу, што аддзяляе яе ўчастак ад школьнага стадыёна. Паводле яе слоў, на футбольных спаборніцтвах на тэрыторыю яе домаўладання залятаюць мячы і псуюць маёмасць. Заяўніца неаднаразова звярталася ў райвыканкам і пракуратуру. Мясцовыя ўлады пайшлі насустрач: у жніўні мінулага года да яе агароджы прыбудавалі высокую сеткаватую загароду. Але жанчына лічыць, што пытанне да гэтага часу не вырашана. Яна настойвае на замене старой агароджы, якую павінна зрабіць гімназія. Андрэй Кунцэвіч даручыў мясцовым уладам знайсці магчымасць памяняць агароджу ў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Такое рашэнне задаволіла абодва бакі.

У непрыемную сітуацыю трапіў жыхар аграгарадка Хацюхова Крупскага раёна. Ён перавёз дом з бярвення з суседняга населенага пункта і паспрабаваў яго зарэгістраваць. Аказалася, што яго пабудову спецыялісты прызналі самавольнай будоўляй на самавольна занятым участку. Выявіліся і іншыя парушэнні заканадаўства. Мужчына паставіў дом на адлегласці 2 м ад суседзяў на старым фундаменце, устаноўленым на ўчастку больш за 20 гадоў таму. Да таго ж бетонная аснова аказалася большага памеру, чым сама драўляная пабудова. Усе гэтыя абставіны - парушэнні горадабудаўнічых норм. Дом і ўчастак зарэгістраваць немагчыма: пабудова падлягае зносу. Мясцовыя ўлады неаднаразова спрабавалі пайсці насустрач жыхару і звярталіся ў вышэйстаячыя інстанцыі з запытамі на заканадаўчым узроўні паспрабаваць зрабіць выключэнне і дапамагчы грамадзяніну ўзаконіць будаўніцтва. Але вырашыць гэту праблему магчыма толькі шляхам пераносу будынка і ўзаконьвання межаў участка. "Іншых варыянтаў я прапанаваць не магу", - заўважыў Андрэй Кунцэвіч. Ён папрасіў мясцовых спецыялістаў у будаўнічай галіне пракансультаваць мужчыну, каб той змог перанесці дом з найменшымі стратамі і заручыцца пры гэтым падтрымкай сельвыканкама.

Жыхарка вёскі Ламское Крупскага раёна звярнулася наконт завяшчання ад сястры бацькі на суму Br2,5 тыс. Грошы яна так і не атрымала з-за праблем з няправільна названым прозвішчам у завяшчанні і зборам дакументаў. Калі з першай прычынай удалося разабрацца праз суд, то для вырашэння другой пенсіянерцы трэба пацвердзіць сваяцкія адносіны з памерлай цёткай і факт смерці бацькі. Андрэй Кунцэвіч заўважыў, што жанчына мае патрэбу ў дасведчанай кансультацыі натарыуса і звярнуўся да мясцовага спецыяліста з просьбай пасадзейнічаць заяўніцы. "Спецыялісты пакрокава распішуць, куды трэба звярнуцца і што трэба зрабіць", - запэўніў ён.

Грамадзян, якія прыйшлі са зваротамі, таксама хвалявалі пытанні выдзялення зямельных участкаў для вядзення фермерскай гаспадаркі, рэгістрацыі нерухомай маёмасці, набытай з аўкцыёну, праблемы газіфікацыі жылога дома. Гучалі і прапановы наконт будаўніцтва лазні ў гарадскім пасёлку, просьбы аб садзейнічанні ў пошуку без вестак прапаўшага сына.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта пастараўся знайсці рашэнні, што задаволілі б як заяўнікаў, так і кампетэнтных спецыялістаў, якія курыруюць іх пытанні. Ён падкрэсліў, што "паважлівае і ўважлівае стаўленне да людзей - у аснове нашай дзяржаўнай палітыкі, а зразумелая, даступная і адкрытая сістэма зваротнай сувязі - важнейшы яе элемент".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі