Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 лістапада 2018, 12:54

Пры ўдакладненні адрасоў перапісу ў Беларусі на картах дабавілася амаль 126 тыс. дамоў

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгістратары пры ўдакладненні адрасоў у ходзе першага этапу падрыхтоўкі да перапісу насельніцтва Беларусі выключылі з першапачатковых картаграфічных даных больш за 8 тыс. дамоў, а дабавілі амаль 126 тыс. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі завяршыўся першы этап падрыхтоўкі да перапісу насельніцтва. З 5 па 30 лістапада рэгістратары праводзілі абход усіх будынкаў, як дзеючых, так і тых, што знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва, у якіх пражываюць або могуць пражываць людзі да моманту правядзення перапісу насельніцтва ў кастрычніку 2019 года, а таксама нежылых будынкаў, занятых арганізацыямі.

"Калі рэгістратар выяўляў будынак, што адсутнічаў у рабочым спісе адрасоў, але ў якім пражывалі людзі, то дабаўляў на карту ўчастка новую адрасную кропку і ўводзіў для яе новую атрыбутыўную інфармацыю. А калі адрасная кропка была на карце, а на мясцовасці будынак адсутнічаў або быў непрыдатны для пражывання, то ён пазначаўся і потым выключаўся са спіса адрасоў. Усяго абследавана каля 626 тыс. будынкаў. За 16 дзён рэгістратары выключылі больш за 8 тыс. аб'ектаў, а дабавілі амаль 126 тыс. дамоў. Цяпер прадаўжаецца праверка па кожнай такой кропцы, у тым ліку з кадастравым агенцтвам, каб удакладніць усю інфармацыю", - сказала Іна Мядзведзева.

Такая работа неабходна для складання спісаў дамоў і памяшканняў у гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і вялікіх сельскіх населеных пунктах. Да яе была прыцягнута тысяча чалавек, задзейнічалі работнікаў жыллёва-камунальных арганізацый усіх абласцей (прычым ім гэта работа не аплачвалася). З дапамогай планшэтаў з устаноўленым на іх спецыяльным праграмным забеспячэннем рэгістратары маглі ў рэжыме рэальнага часу звяртацца да картаграфічных матэрыялаў - карт рэгістратарскага ўчастка, дзе паказаны дарогі, вуліцы, будынкі. Дарэчы, на закупку планшэтаў не было затрачана ні рубля бюджэтных сродкаў - дапамаглі спонсары. Дзяржава аплаціла паслугі сотавай сувязі па перадачы даных, закупку сумак, канцылярскіх тавараў, страхаванне перапісчыкаў і планшэтаў.

Іна Мядзведзева адзначыла, што рэгістратары вельмі адказна паставіліся да справы, якасна правялі работу, гэта дало магчымасць аператыўна актуалізаваць усю адрасную базу. Таксама яна расказала аб праблемах, якія выявілі рэгістратары. На ўчастках новай забудовы з-за адсутнасці аншлагаў на будуемых дамах узнікала пытанне з іх нумарацыяй, даводзілася ўдакладняць такую інфармацыю. На некаторых перайменаваных вуліцах - аншлагі са старымі назвамі або на доме размешчаны два аншлагі - са старой і новай назвай. Гэта, як і паўтараемыя нумары на адной вуліцы, у асноўным датычыцца дамоў у прыватным сектары. Былі факты, калі адзін адрас меў адміністрацыйны будынак і жылы дом. Усе праблемы павінны быць ліквідаваны да моманту правядзення перапісу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі