Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 чэрвеня 2020, 12:53

Проціэпідэмічныя меры пры арганізацыі ЦТ выкананы ў поўнай меры - Петрышэнка

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Проціэпідэмічныя меры пры арганізацыі ЦТ выкананы ў поўнай меры. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, які сёння наведаў пункт цэнтралізаванага тэсціравання ў БДПУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі сёння пачалося ЦТ. Абітурыенты 25 чэрвеня здаюць беларускую мову, задзейнічана 37 пунктаў ЦТ. Тэсціраванне ў БДПУ праходзіць у 24 аўдыторыях. Для ўдзелу ў ЦТ па беларускай мове ў гэтай ВНУ зарэгістраваўся 931 абітурыент, у цэлым па краіне - больш за 18 тыс. (у 2019 годзе - 22 тыс.)

Віцэ-прэм'ера азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай БДПУ і прадэманстравалі, як арганізавана ЦТ у ВНУ. "Міністэрства адукацыі і ВНУ правялі сістэмную падрыхтоўку, працуе дзяржаўная камісія. Усе арганізавана дакладна. Не было чэргаў перад аўдыторыямі, прынцып дыстанцыравання захавалі. У наяўнасці антысептыкі, маскі. Усе проціэпідэмічныя меры былі ў поўнай меры выкананы", - сказаў Ігар Петрышэнка.

З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ў 2020 годзе павялічаны аўдыторны фонд для ЦТ. Рассадка ўдзельнікаў ЦТ забяспечваецца на адлегласці не меншай за 1 м, колькасць абітурыентаў у аўдыторыі - не больш за 50 чалавек. Усе пункты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання аснашчаны дэзынфіцыруючымі сродкамі, ёсць запас масак для абітурыентаў, арганізаваны праветрыванне і дадатковае прыбіранне памяшканняў. Для правядзення ЦТ па двух найбольш запатрабаваных вучэбных прадметах (руская мова і матэматыка) у гэтым годзе прадугледжана па два дні. Павялічана колькасць пунктаў тэсціравання ў рэзервовыя дні: калі раней гэта быў толькі БДУ, то ў гэтым годзе вызначаны ВНУ у кожным з абласных цэнтраў (усяго шэсць пунктаў). Як адзначыў віцэ-прэм'ер, у тых абітурыентаў, якія цяпер на самаізаляцыі, ёсць магчымасць у рэзервовыя дні здаць ЦТ. "Усе гэтыя ўмовы стварылі камфортнае з пункту гледжання эпідэміялагічнай бяспекі асяроддзе для нашых абітурыентаў, каб яны маглі сканцэнтравацца толькі на рашэнні тэстаў", - падкрэсліў ён.

Створаны ўмовы і для абітурыентаў з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Яны могуць здаць ЦТ у рэзервовыя дні, каб паступіць у беларускія ВНУ. "Міністэрства аховы здароўя разам з Міністэрствам адукацыі падрыхтавалі метадычныя рэкамендацыі, каб абітурыенты, якія прыедуць з-за мяжы, маглі без 14-дзённага тэрміну самаізаляцыі прадэманстраваць свае веды", - дадаў Ігар Петрышэнка.

"Звыш школьнай праграмы ў тэсты ніякія заданні не ўключаліся. Той, хто да вучобы ставіўся добрасумленна, зможа рашыць тое ці іншае заданне", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, найбольш папулярныя руская мова, матэматыка, англійская мова і біялогія. На ЦТ па рускай мове запісаліся 52 тыс. чалавек, на матэматыку - 42 тыс.

Кантроль за правядзеннем уступных іспытаў і прадастаўленнем абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні ажыццяўляе дзяржаўная камісія. Для забеспячэння яе дзейнасці створана рабочая група, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Міністэрства адукацыі і МУС.

Камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў працуюць ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Старшынямі такіх камісій з'яўляюцца члены дзяржкамісіі, намеснікамі - работнікі Камітэта дзяржкантролю, членамі - прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый сістэмы адукацыі, грамадскіх арганізацый.

Усяго задзейнічана больш за 220 работнікаў КДК, кантралявацца будуць усе этапы ўступнай кампаніі.

Разам з выкананнем задач па прадухіленні парушэнняў члены дзяржкамісіі будуць аб'ектыўна і ў кароткія тэрміны разглядаць звароты абітурыентаў і іх бацькоў. Для аператыўнага рэагавання на звароты грамадзян па пытаннях, звязаных з правядзеннем уступных іспытаў, на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю, абласных камітэтаў дзяржкантролю арганізавана работа гарачай лініі, будзе праводзіцца асабісты прыём абітурыентаў і іх бацькоў.

"Да нас паступалі звароты, звязаныя з рэгістрацыяй на ЦТ. Некаторыя не змаглі ўкласціся ў тэрміны, адведзеныя для рэгістрацыі. Кожны зварот быў разгледжаны, прымалася рашэнне аб допуску да ЦТ", - расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы - начальнік упраўлення кантролю за работай галін сацыяльнай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Віктар Бурло.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі