Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 красавіка 2021, 10:34

Прэвентыўныя меры ў галіне сельскай гаспадаркі адыгралі важную ролю пасля аварыі на ЧАЭС - вучоны

21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэвентыўныя меры ў галіне сельскай гаспадаркі адыгралі важную ролю пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аб гэтым заявіў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Мікалай Цыбулька ў час пасяджэння праекта БЕЛТА "Экспертнае асяроддзе" на тэму "Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: меры па сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых тэрыторый".

Мікалай Цыбулька назваў навуку сістэмаўтваральным звяном у вырашэнні чарнобыльскіх праблем. "Наш інстытут адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС уключыўся ў вывучэнне міграцыі радыенуклідаў, іх паступлення ў прадукцыю раслінаводства. Сістэмныя даследаванні навуковых устаноў аграрнага профілю далі магчымасць сфармуляваць прапановы для ўрада па першачарговых прэвентыўных мерах пасля аварыі. У іх лік вывад зямель з сельгасабароту, меліярацыя сельгасзямель на пераўвільготненых тэрыторыях, вапнаванне глеб павышанымі дозамі, прымяненне дадатковых доз фосфарных і калійных угнаенняў", - расказаў ён.

Паводле яго слоў, прапановы навуковай грамадскасці па розных напрамках былі сістэматызаваны і пакладзены ў аснову дзяржаўных праграм. Вучоныя ў тым ліку распрацоўвалі праграмы спецыялізацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскай і Магілёўскай абласцей з улікам неабходных ахоўных мер.

Адной з важных мер Мікалай Цыбулька назваў абследаванне сельгасзямель. "У нас з 1960-х гадоў у краіне праводзіцца аграхімічнае абследаванне глеб сельскагаспадарчых зямель на ўзроўні элементарных участкаў. Абласныя праектна-пошукавыя станцыі абследуюць ворныя і лугавыя землі, вызначаецца колькасць гумусу, кіслотнасць, элементы жыўлення. Пасля чарнобыльскай катастрофы пачалі праводзіць і радыелагічнае абследаванне, вызначаць наяўнасць стронцыю і цэзію. Інфармацыя аб забруджванні ўчастка, аб наяўнасці там элемента жыўлення, дапусцім, калію, які ўплывае на паступленне цэзію, аб ступені кіслотнасці дае магчымасць прагназаваць наяўнасць радыенуклідаў у той ці іншай сельскагаспадарчай культуры", - адзначыў вучоны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі