Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 лістапада 2020, 12:21

Прэпарат "Актэмра" для лячэння цяжкіх пацыентаў з COVID-19 перададзены ў бальніцы

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэпарат "Актэмра" для лячэння цяжкіх пацыентаў з COVID-19 перададзены ў медустановы, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве аховы здароўя ў сувязі з паступаючымі на платформу "COVID-садзейнічанне" пытаннямі ад медыцынскіх работнікаў па прымяненні і наяўнасці ў краіне гэтага лекавага сродку.

У Міністэрстве аховы здароўя праінфармавалі, што праведзена чарговая закупка лекавага сродку "Актэмра" (міжнароднае непатэнтаванае найменне - тацылізумаб) за сродкі рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаныя Міністэрству аховы здароўя. "Канцэнтрат для прыгатавання раствору для інфузій 400мг/20мл 23 лістапада паступіў у колькасці 2 тыс. 8 упаковак на суму большую за $1,3 млн. Лекавы сродак перададзены ўжо ў арганізацыі аховы здароўя", - паведамілі ў міністэрстве.

Усяго з пачатку пандэміі (сакавік-лістапад) было закуплена 4 тыс. 744 флаконы тацылізумабу ў дазіроўцы 400 мг на суму $3,3 млн. З іх за сродкі рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаныя Міністэрству аховы здароўя, - на суму $2,45 млн. Да канца бягучага года чакаецца пастаўка яшчэ 3 тыс. 356 упаковак лекавага сродку ў дазіроўцы 400 мг і 2 тыс. упаковак у дазіроўцы 200 мг (каля $3,71 млн).

Як растлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя, лекавы сродак паказаны пацыентам з цяжкім ходам захворвання на COVID-19, у якіх у адказ на ўкараненне віруса развіваецца так званы сіндром вызвалення цытакінаў.

Акрамя таго, да канца лістапада чакаюцца пастаўкі "Фраксіпарыну" - прэпарату з групы нізкамалекулярных гепарынаў. У бліжэйшы час таксама будзе пастаўлены раствор для ін'екцый "Фрагмін" (2500 МЕ і 5000 МЕ).

Завяршаецца працэдура кантролю якасці яшчэ аднаго лекавага сродку з групы нізкамалекулярных гепарынаў - "Энаксапарыну-СК" (раствор для ін'екцый у дозах 2000, 4000, 6000 і 8000 анты-Ха МЕ). Пасля таго прэпарат будзе ўпакаваны спецыялістамі РУП "Белмедпрэпараты". Паўстаўка ў бальніцы (у аб'ёме гадавой патрэбнасці) будзе ў снежні.

У Міністэрстве аховы здароўя дадалі, што для экстраннага забеспячэння арганізацый аховы здароўя створаны рэзерв названых лекавых сродкаў, што прымяняюцца для лячэння пацыентаў з COVID-19.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі