Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 снежня 2019, 14:39

Праводзіць міграцыйную палітыку ў СНД можна толькі сумеснымі намаганнямі - Дружынін

Пытанням упарадкаванай міграцыі, барацьбы з незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі на прасторы Садружнасці заўсёды надавалася першараднае значэнне. Сфарміравана і пастаянна ўдасканальваецца прававая база, што дае магчымасць аператыўна вырашаць увесь спектр задач, што ўзнікаюць. Прычым гэта дзейнасць ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з міжнароднымі арганізацыямі. Аб напрамках такога ўзаемадзеяння карэспандэнт БЕЛТА пагутарыла з дырэктарам Дэпартамента па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам Выканаўчага камітэта СНД Альбертам Дружыніным.

"Праводзіць узгодненую міграцыйную палітыку, процідзейнічаць незаконнай міграцыі і трафікінгу ў СНД магчыма толькі сумеснымі намаганнямі. Аб'ектыўная рэальнасць такая, што пры вырашэнні задач, якія стаяць перад нашымі краінамі, неабходна ўлічваць сусветны вопыт, наладжваць кантакты і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з іншымі рэгіянальнымі арганізацыямі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. Гэта ў тым ліку вызначана Канцэпцыяй далейшага развіцця Садружнасці", - адзначыў Альберт Дружынін.

Выканаўчы камітэт СНД канструктыўна ўзаемадзейнічае з рабочымі структурамі міжнародных арганізацый, асноўнай задачай якіх з'яўляецца вырашэнне міграцыйных праблем і барацьба з гандлем людзьмі. Да іх у першую чаргу належаць: Міжнародная арганізацыя па міграцыі, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці, Бюро Спецыяльнага прадстаўніка і каардынатара АБСЕ па барацьбе з гандлем людзьмі, Міжнародны цэнтр па развіцці міграцыйнай палітыкі. Актыўнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца з Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Усеагульнай канфедэрацыяй прафсаюзаў у галіне працоўнай міграцыі, а таксама з Сакратарыятам Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па процідзеянні незаконнай міграцыі.

Выканкам узаемадзейнічае з гэтымі структурамі як непасрэдна, так і ў рамках дзейнасці адпаведных органаў галіновага супрацоўніцтва, у першую чаргу Савета кіраўнікоў міграцыйных органаў краін Садружнасці і Сумеснай камісіі дзяржаў - удзельніц Пагаднення аб супрацоўніцтве краін СНД у барацьбе з незаконнай міграцыяй. Так, прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі і Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў на пастаяннай аснове ўдзельнічаюць у пасяджэннях Савета кіраўнікоў міграцыйных органаў краін СНД у якасці наглядальнікаў, а прадстаўнікі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і УВКБ ААН - рэгулярна запрашаюцца на пасяджэнні савета і сумеснай камісіі.

"Прыкладам можа быць XXIV пасяджэнне Савета кіраўнікоў міграцыйных органаў краін СНД, якое адбылося ў кастрычніку ў Ерэване. Яго ўдзельнікі абмяняліся вопытам далучэння краін Садружнасці да канвенцый аб статусе апатрыдаў 1954 года і аб скарачэнні безграмадзянства 1961 года, а таксама інфармацыяй аб праблемах і перспектывах работы кампетэнтных органаў па пытанні легалізацыі асоб без грамадзянства. Разгледжаны меры па рэалізацыі Глабальнага дагавора аб бяспечнай, упарадкаванай і легальнай міграцыі ад 2018 года і стан супрацоўніцтва краін СНД з міжнароднымі арганізацыямі ў сферы міграцыі", - падкрэсліў дырэктар дэпартамента.

Альберт Дружынін адзначыў прыкметны прагрэс у супрацоўніцтве Выканаўчага камітэта СНД з УВКБ ААН, у прыватнасці па такой тэматыцы, як ліквідацыя безграмадзянства. "Агульную зацікаўленасць у вырашэнні гэтай праблемы адлюстраваў падагульняючы дакумент Міжнароднай канферэнцыі па пытаннях безграмадзянства ў дзяржавах СНД, якая адбылася ў снежні мінулага года ў Мінску. У час падрыхтоўкі форуму ажыццяўлялася пастаяннае ўзаемадзеянне з Прадстаўніцтвам УВКБ ААН у Беларусі, а ў бягучым годзе адбыўся шэраг рабочых сустрэч з яго кіраўніком - Жан-Івам Бушардзі, на якіх абмеркаваны актуальныя праблемы супрацоўніцтва і намечаны шляхі яго далейшай актывізацыі", - сказаў ён.

Дырэктар дэпартамента нагадаў, што базавай вучэбнай арганізацыяй Садружнасці з'яўляецца Міжнародны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС Беларусі. Ён створаны пры фінансавай падтрымцы Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Толькі ў гэтым годзе на базе цэнтра праведзена 12 курсаў павышэння кваліфікацыі, па якіх прайшлі навучанне з атрыманнем пасведчанняў дзяржаўнага ўзору 280 чалавек. Да навучання прыцягваліся больш за 50 экспертаў, у тым ліку прадстаўнікі УВКБ ААН, Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і іншых міжнародных арганізацый.

Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб правядзенні ў 2020 годзе на базе цэнтра тыднёвых навучальных курсаў для супрацоўнікаў міграцыйных органаў з прыцягненнем да іх арганізацыі і правядзення экспертаў УВКБ ААН і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. А бліжэйшым мерапрыемствам стане пасяджэнне тэхнічнай экспертнай групы Алмацінскага працэсу ў снежні ў Душанбэ.

"Мы разлічваем на гэтым пасяджэнні прыняць удзел у абмеркаванні стратэгіі і плана дзеянняў на 2020 год, а таксама тэматычных напрамкаў у адпаведнасці з найбольш актуальнымі тэндэнцыямі і прыярытэтамі міграцыйнай палітыкі ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі", - падкрэсліў Альберт Дружынін. Супрацоўніцтва Выканаўчага камітэта СНД з рабочымі структурамі міжнародных арганізацый у галіне міграцыі, барацьбы з незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі мае пад сабой неабходную прававую базу, а яго арганізацыйны складнік дае магчымасць паспяхова ажыццяўляць і ўмацоўваць гэта ўзаемадзеянне.

Святлана СУХАРКО,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі