Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 верасня 2018, 12:52

Працоўны кодэкс абновіцца прыкладна на 40 працэнтаў

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Працоўны кодэкс у Беларусі абновіцца прыкладна на 40 працэнтаў. Такія даныя ў час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА агучыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віталь Шылаў.

Паводле яго слоў, падрыхтаваны законапраект, які прыняты ў першым чытанні, не канчатковы варыянт. "Але, паводле нашых падлікаў, ён прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў больш як у 160 артыкулаў Працоўнага кодэкса, або 40 працэнтаў. Дзесьці гэта змяненні канцэптуальнага характару, дзесьці - рэдакцыйнага, тэхнічнага, але гэта ўсё напрацаваная практыка", - сказаў дэпутат.

Віталь Шылаў расказаў, што пры абмеркаванні самых значных прапаноў меркаванні дэпутатаў супадалі з пазіцыяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У прыватнасці, па павелічэнні тэрміну папярэджання наймальнікам аб заканчэнні дзеяння кантракта з 7 дзён да 1 месяца. Таксама намечана замацаваць адзіныя падыходы да матэрыяльнай адказнасці работнікаў па кантракце і па бестэрміновым працоўным дагаворы - прымяняць і да тых, і да іншых абмежаваную і поўную матэрыяльную адказнасць у залежнасці ад наяўнасці або адсутнасці намеру ў работніка.

"Абодва змяненні знайшлі падтрымку ў кіраўніцтва краіны, - прадоўжыў ён. - Мы звярнуліся з гэтай праблемай да кіраўніка дзяржавы, паколькі названыя прапановы маюць на ўвазе ўнясенне змяненняў у дэкрэты нумар 5 і нумар 29. Прэзідэнт пайшоў насустрач інтарэсам работнікаў і даў згоду на ўнясенне змяненняў у гэтыя заканадаўчыя акты. Зразумела, пасля таго, як будзе прыняты сам абноўлены Працоўны кодэкс".

Акрамя таго, была падтрымана ініцыятыва ФПБ аб устанаўленні адзінага памеру выплаты дапамогі ў памеры трох сярэднямесячных зарплат пры скасаванні кантракта па патрабаванні работніка ў сувязі з парушэннем наймальнікам умоў кантракта. Маюцца на ўвазе выпадкі, якія часам называюцца "дыскрымінацыяй па ўзроставай прыкмеце", растлумачыў дэпутат. Цяпер згодна з патрабаваннямі дэкрэта нумар 29 і пастановы ўрада, якая выйшла пасля яго, працуючым пенсіянерам і асобам, якія маюць права на пенсію, у гэтай сітуацыі прадугледжваецца выплата двухтыднёвай дапамогі. "У законапраекце гэта дыскрымінацыйная норма выключана - прадугледжваецца выплата трохмесячнай дапамогі ўсім работнікам, што гарантуе сацыяльную абароненасць працуючых пенсіянераў", - падкрэсліў Віталь Шылаў.

Парламентарый таксама адзначыў, што ўсе змяненні, якія ўносяцца ў Працоўны кодэкс, накіраваны на добрасумленных работнікаў і наймальнікаў, пашырэнне іх магчымасцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі