ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 1 красавіка 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +3°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 студзеня 2020, 14:48

Чаканая працягласць жыцця ў Беларусі да 2030 года павінна скласці 80 гадоў

Ірына Касцевіч
Ірына Касцевіч

23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чаканая працягласць жыцця ў Беларусі да 2030 года павінна скласці 80 гадоў, паведаміла сёння журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Гэта прадугледжана праектам нацыянальнай стратэгіі Беларусі "Дастойнае даўгалецце - 2030", які разглядаецца на пасяджэнні Нацыянальнага камітэта па народанасельніцтве пры Саўміне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мэта стратэгіі - максімальна павысіць узровень і якасць жыцця пажылых людзей. У дакуменце шэсць задач, па кожнай з іх ёсць канкрэтныя індыкатары, да якіх мы будзем імкнуцца. Калі гаварыць у сукупнасці, галоўная мэта - павялічыць працягласць жыцця. Калі апошнія даныя па працягласці жыцця - 74 з палавінай гады, то задача да 2030 года выйсці на 80", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Міністр канстатавала, што дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца старэннем насельніцтва. "Колькасць грамадзян ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў - большая за 15 працэнтаў. Эксперты ААН гавораць аб тым, што калі звыш 7 працэнтаў людзей у краіне старэйшыя за 65 гадоў, насельніцтва лічыцца старым. Чакаецца, што ў 2030 годзе ў Беларусі доля пажылых людзей складзе 21 працэнт", - прывяла даныя Ірына Касцевіч.

Разам з тым такія тэндэнцыі назіраюцца не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, таму міжнародныя арганізацыі актыўна займаюцца распрацоўкамі стратэгій актыўнага даўгалецця. Беларусь пры распрацоўцы нацыянальнай стратэгіі супрацоўнічала з міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці з ЕЭК ААН.

Для павелічэння працягласці жыцця ў стратэгіі прапануецца ўкараняць новыя тэхналогіі для захавання здароўя, прыцягваць пажылых людзей да заняткаў фізкультурай і спортам, адкрываць школы актыўнага даўгалецця, здаровага ладу жыцця.

Акцэнт зробяць на адукацыйных паслугах, прычым не толькі для пажылых, але і для людзей перадпенсійнага ўзросту, якім сёння складана канкурыраваць на рынку працы. Паралельна з падрыхтоўкай праекта стратэгіі "Дастойнае даўгалецце - 2030" Мінпрацы распрацоўвае меры па падтрымцы людзей перадпенсійнага ўзросту на рынку працы. Размова ідзе аб удасканаленні іх персанальных навыкаў, перападрыхтоўцы і пошуку новай прафесіі, запатрабаванай на рынку працы.

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што пры распрацоўцы стратэгіі важна вывучыць міжнародны вопыт падрыхтоўкі такіх дакументаў. Чакаецца, што да 2050 года ў 64 краінах доля людзей старэйшага ўзросту складзе больш як 30 працэнтаў насельніцтва. На думку віцэ-прэм'ера, гэта сур'ёзны выклік, які можа мець значныя вынікі для ўстойлівага развіцця грамадства. Старэнне насельніцтва негатыўна ўплывае на рынак працы, стабільнасць пенсійнай сістэмы і г.д.

"Пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы па ўмацаванні дэмаграфічнай бяспекі патрабуюць ад нас дэталёвага разгляду ўсіх аспектаў дэмаграфічнага развіцця, прыняцця вывераных рашэнняў па кожным напрамку", - сказаў Ігар Петрышэнка. Паводле яго слоў, важна не толькі ўсвядоміць маштабнасць працэсу старэння, ацаніць яго ўплыў на эканоміку, але і ўбачыць патэнцыял людзей пажылога ўзросту, вызначыць шляхі яго магчымага прымянення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі