Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 сакавіка 2020, 20:06

Працавітая і ўпэўненая ў сабе: Белстат апублікаваў партрэт беларускай жанчыны

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Працавітыя, адукаваныя, актыўныя, упэўненыя ў сабе і ў асноўным задаволеныя жыццём - такі сярэднестатыстычны партрэт беларускіх жанчын, прыведзены ў перадсвяточным аглядзе Белстата, паведамляе БЕЛТА.

Паводле даных перапісу 2019 года, у Беларусі пражываюць 5,1 млн жанчын. Гэта 53,8 працэнта насельніцтва краіны.

Беларускі працаздольнага ўзросту не гультайкі - 84,7 працэнта з іх працуюць. Жанчыны дамінуюць у такіх сферах, як ахова здароўя і сацыяльныя паслугі (85,6 працэнта), адукацыя (81,2 працэнта), фінансавая і страхавая дзейнасць (75 працэнтаў), паслугі па часовым пражыванні і харчаванні (71,6 працэнта). А менш за ўсё іх прадстаўлена ў будаўніцтве (18,6 працэнта), транспартнай дзейнасці, складзіраванні, паштовай і кур'ерскай дзейнасці (35,9 працэнта), сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы (39,4 працэнта).

Адукацыйны ўзровень жанчын вышэйшы, чым у мужчын. Напрыклад, сярод беларусак, занятых у эканоміцы, 39,2 працэнта маюць вышэйшую адукацыю, 27,2 працэнта - сярэднюю спецыяльную (сярод мужчын - 27 працэнтаў і 19 працэнтаў адпаведна).

Выбарачнае абследаванне дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця паказала, што кожная чацвёртая жанчына ад 16 гадоў і старэйшыя прысвячала вольны час заняткам фізкультурай і спортам, кожная шостая з іх удзяляла гэтаму час штодзённа.

Хоць яшчэ больш часу жанчыны адводзяць інтэрнэту, асабліва маладыя беларускі (16-24 гады). Сярод іх 97,6 працэнта ў мінулым годзе заходзілі ў інтэрнэт штодзённа.

Як і жыхаркі многіх еўрапейскіх краін, прадстаўніцы Беларусі ўсё часцей аддаюць перавагу адтэрміноўцы замужжа на больш позні перыяд свайго жыцця. Тое, што ўзрост каханню не перашкода, даказвае рост колькасці жанчын, якія выйшлі замуж у 60 гадоў і пазней: у мінулым годзе было 1095 такіх беларусак, а ў 2018-м - на 156 менш. Усяго ж у мінулым годзе шлюб заключылі 62,7 тыс. жанчын, з іх 41,7 тыс. стварылі сем'і ўпершыню. А маці сталі 86,8 тыс. жанчын. З усіх народжаных дзяцей 39 працэнтаў - першынцы, на долю другіх нараджэнняў прыпадае 38 працэнтаў, трэціх - 16 працэнтаў, чацвёртых і больш - 7 працэнтаў.

Цікавыя даныя паказала праведзенае ў 2019 годзе выбарачнае абследаванне дамашніх гаспадарак. Аказалася, што 90 працэнтаў беларускіх жанчын ва ўзросце 15-49 гадоў адчуваюць сябе шчаслівымі і задаволены жыццём у сярэднім на 7 балаў з 10. Яны маюць усё больш магчымасцей рэалізоўвацца не толькі як жонкі і маці, але і як прафесіяналы, як асобы - па індэксе гендарнай роўнасці сярод 162 краін свету Беларусь у 2018 годзе займала 27-е месца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі