ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 28 мая 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 мая 2020, 09:34

Прапрацаваць пытанні рэсацыялізацыі вызваленых па амністыі трэба загадзя - Чайчыц

Віктар Чайчыц. Фота з архіва
Віктар Чайчыц. Фота з архіва

13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА) Віктар Чайчыц лічыць важным пытанне рэсацыялізацыі і паручыцельства, прадугледжанае законапраектам аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым ён заявіў у каментарыі карэспандэнту БЕЛТА.

"Вяртанне тых, хто адбываў пакаранне, у грамадства, у свабоднае паўсядзённае жыццё - адно з самых важных пытанняў, якое адлюстравана ў праекце закона ў выглядзе канкрэтных мер", - адзначыў Віктар Чайчыц. Дакумент прадугледжвае, што Савет Міністраў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы арганізуюць своечасовы ўлік асоб, вызваленых па амністыі-2020, акажуць ім дапамогу ў працоўным і бытавым уладкаванні.

Для непаўналетніх, якія падпадаюць пад амністыю, будзе дзейнічаць інстытут паручыцельства. Паручыцелямі могуць стаць бацькі, блізкія сваякі, органы апекі і папячыцельства, якія абавязуюцца кантраляваць і дапамагаць у рэсацыялізацыі. Сірот або іншых непаўналетніх, якіх па пэўных прычынах немагчыма перадаць бацькам або блізкім сваякам, накіруюць у дзіцячыя дамы, дзіцячыя вёскі (гарадкі), школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Вызваленых непаўналетніх могуць накіраваць у прафесійна-тэхнічныя вучылішчы або дапамагчы ў працаўладкаванні. Рэсацыялізацыя прадугледжвае таксама прыняцце мер, якія дазваляюць не дапусціць учыненне вызваленымі па амністыі новых злачынстваў, і правядзенне выхаваўчай работы.

Інвалідаў I або II групы і асоб, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, якія маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе або дапамозе, накіруюць у дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў у адпаведнасці з пералікам медыцынскіх паказанняў і проціпаказанняў. Акажуць дапамогу і тым вызваленым, якім неабходна лячэнне ў амбулаторных або стацыянарных умовах.

"У грамадстве часам існуе недавер і прадузятае стаўленне да раней судзімых. Таму вельмі важна, як будуць паводзіць сябе вызваленыя па амністыі ў перыяд рэсацыялізацыі: ці праявяць працавітасць, ці пакажуць сваімі паводзінамі, што выправіліся, вярнуліся да стваральнай працы і жыцця, - сказаў Віктар Чайчыц. - Грамадзянам варта з міласэрнасцю адносіцца да такіх людзей, працягваць ім руку дапамогі. Таму што асуджанымі могуць быць людзі, якія проста спатыкнуліся ў жыцці, якіх было б няправільна да канца жыцця лічыць злачынцамі".

Паводле даных, якія прадставіў 6 мая ў час даклада ў Савеце Рэспублікі міністр унутраных спраў Юрый Караеў, ад розных відаў пакаранняў вызваляць 5372 асуджаных. Амністыя прадугледжвае поўнае, частковае або ўмоўнае вызваленне ад пакарання, замену неадбытай часткі больш мяккім пакараннем або зняцце судзімасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі