Сцяг Серада, 24 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 чэрвеня 2024, 12:40

Прамкааперацыя, сэрвісны цэнтр, падрыхтоўка кадраў. Петрышэнка абазначыў напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана

7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На пленарным пасяджэнні Беларуска-азербайджанскага бізнес-форум намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка абазначыў перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва дзяржаў. У іх ліку пашырэнне прамысловай кааперацыі, будаўніцтва ў Азербайджане мультыбрэндавага сэрвіснага цэнтра, практычная падрыхтоўка ў Беларусі азербайджанскіх спецыялістаў, у тым ліку па рабочых прафесіях, і не толькі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для ўдзелу ў форуме ў Мінск прыехалі не проста лепшыя прадстаўнікі азербайджанскага бізнесу, а самыя верныя сябры Беларусі. У гэтай зале знаходзяцца больш за 40 азербайджанскіх кампаній, зацікаўленых як у пашырэнні ўласнай прадукцыі на беларускі рынак, так і ў закупцы розных беларускіх тавараў. Аб гэтым мы гаварылі ў рамках беларуска-азербайджанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Падрабязна абмяркоўвалі гэтыя пытанні і ў час сустрэчы прэм'ер-міністраў. Мы выпрацавалі канкрэтныя праекты і падыходы для істотнага нарошчвання гандлёвага абароту", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

З беларускага боку ў форуме прымаюць удзел больш за 100 прадпрыемстваў і арганізацый, якія ахопліваюць усе галіны і сферы дзейнасці - сельскую гаспадарку, харчаванне, машынабудаванне, металургію, дрэваапрацоўку, будаўніцтва і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, хімічную, фармацэўтычную і лёгкую прамысловасць, а таксама сферы аптовага і рознічнага гандлю.

"Геапалітычныя рэаліі хутка мяняюць кан'юнктуру сусветных таварных рынкаў і пастаянна адкрываюць для нас новыя магчымасці ў самых розных сферах узаемадзеяння. Нядаўняя сустрэча ў Баку прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана пацвердзіла, што наша стратэгічнае партнёрства будзе ўмацоўвацца і далей. Вынікам канструктыўных і плённых перагавораў кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў дзяржорганаў дзвюх краін стаў шэраг новых сумесных праектаў. Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана паставілі перад намі няпростыя, але выканальныя задачы, - падкрэсліў Ігар Петрышэнка. - Мы павінны сур'ёзна пашырыць вытворчую кааперацыю. Нараўне з трактарамі будзем збіраць у Азербайджане камунальную, пажарную і іншую тэхніку, а таксама беларускія ліфты. Для абслугоўвання беларускай тэхнікі пабудуем мультыбрэндавы сэрвісны цэнтр. Акажам садзейнічанне і азербайджанскаму боку ў арганізацыі практычнай падрыхтоўкі і стажыроўкі ў Беларусі азербайджанскіх спецыялістаў, у тым ліку па рабочых прафесіях. Учора мы падрабязна разгледзелі гэту тэму і вызначылі алгарытм далейшых дзеянняў".

Акрамя таго, Беларусь і Азербайджан плануюць стварыць сумесную вытворчасць лекавых і ветэрынарных прэпаратаў, а таксама пачаць выпуск змешаных угнаенняў з азербайджанскага азоту і беларускага калію. "Беларусь унясе свой уклад у адраджэнне Карабаха. Адным з галоўных нашых праектаў стане стварэнне ў Агдамскім раёне комплекснага сучаснага аграгарадка, які ўключае вытворчасць і прапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі, будаўніцтва жылля і сацыяльных аб'ектаў для работнікаў гэтага аграрнага комплексу і членаў іх сем'яў. Канцэпцыю гэтага комплекснага праекта плануем прэзентаваць у Баку ў лістападзе бягучага года", - удакладніў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм'ер дадаў, што аператыўнасць арганізацыі сённяшняга прадстаўнічага бізнес-форуму праз некалькі тыдняў пасля дзяржаўнага візіту прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан будзе садзейнічаць своечасовай і поўнай рэалізацыі дамоўленасцей на вышэйшым узроўні. "Нашы лідары паставілі нам канкрэтную задачу па дасягненні ўзаемнага тавараабароту ў памеры $1 млрд. Да гэтай мэты мы будзем ісці разам, імкнучыся зрабіць наш гандаль узаемна збалансаваным. Мы вітаем павелічэнне прысутнасці азербайджанскіх тавараў на беларускім спажывецкім рынку. Шэраг найменняў агародніны і фруктаў, арэхі, аліўкавы алей і палімерная сыравіна з Азербайджана далі магчымасць нам у пэўнай ступені замясціць аналагічныя тавары з недружалюбных краін. Будзем і ў далейшым падтрымліваць ініцыятыву азербайджанскіх сяброў у гандлі, а таксама ва ўдзеле ў буйных інвестыцыйных праектах", - запэўніў намеснік прэм'ер-міністра.

"Перакананы, што сённяшні бізнес-форум дасць магчымасць наладзіць новыя кантакты, знайсці надзейных партнёраў і абавязкова прынясе адчувальны для абодвух бакоў вынік", - рэзюмаваў ён.

Мінск стаў месцам сустрэчы дзелавых колаў Беларусі і Азербайджана. У час афіцыйнага візіту ў Беларусь намесніка прэм'ер-міністра Азербайджана Алі Джавада аглы Ахмедава і работы міжурадавай беларуска-азербайджанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве праходзіць Беларуска-азербайджанскі бізнес-форум і В2В-перагаворы паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў. На форуме будуць разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння і прадстаўлены паспяховыя гісторыі партнёрства. Пасля завяршэння пленарнай часткі пачнуцца В2В-перагаворы, дзе прадстаўнікі беларускіх кампаній змогуць наладзіць кантакты з кіраўнікамі 43 азербайджанскіх кампаній, зацікаўленых у супрацоўніцтве ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, мэблевай вытворчасці, лёгкай прамысловасці, фармацэўтыкі. Больш за 150 прадстаўнікоў беларускага бізнесу пацвердзілі ўдзел у перагаворах, што сведчыць аб высокай цікавасці да ўмацавання і развіцця эканамічных адносін з азербайджанскім бокам.-0-

Фота Мікалая Пятрова
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі