Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 снежня 2020, 18:02

Прафсаюзы маюць намер падаць звароты ў міжнародныя інстанцыі супраць дзеянняў Еўрасаюза

21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафсаюзы маюць намер падаць звароты ў міжнародныя інстанцыі супраць дзеянняў Еўрасаюза. Аб гэтым заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, каменціруючы рашэнні Еўрапейскага саюза аб увядзенні эканамічных санкцый супраць асобных беларускіх прадпрыемстваў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ.

"Тое, што сёння робіць Еўрасаюз, - гэта фактычна дзеянні, якія нанясуць урон простым беларусам. Паколькі ў выніку ўведзеных эканамічных санкцый пацерпяць у першую чаргу радавыя работнікі прадпрыемстваў, - сказаў Міхаіл Орда. - Мы маем намер падаць звароты ў міжнародныя інстанцыі супраць дзеянняў Еўрасаюза. Паколькі парушаюцца правы простых беларусаў. Гэта права на працу, а значыць і права на дастойны ўзровень жыцця. Прычым відаць двайныя стандарты. З аднаго боку, Еўрасаюз прапаведуе галоўнай каштоўнасцю правы чалавека, у тым ліку асноватворнае права чалавека на працу, з іншага боку, прымае рашэнні, якія абмяжоўваюць такое права. І гэта пры тым, што Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый прызнана, што санкцыі амаль заўсёды аказваюць сур'ёзнае ўздзеянне на эканамічныя інтарэсы звычайных людзей і ўшчамляюць права на працу. Больш таго, у 2019 годзе спецыяльны дакладчык ААН у гэтай сферы падкрэсліў, што выкарыстанне эканамічных санкцый у палітычных мэтах з'яўляецца парушэннем правоў чалавека і падрывае асновы міжнароднага супрацоўніцтва".

Паводле слоў старшыні ФПБ, заводы і арганізацыі могуць быць пастаўлены ў такія ўмовы, што вымушаны будуць абмежаваць сваю дзейнасць. А значыць знізіцца даход работнікаў, магчымы скарачэнні. Усё гэта закране лёсы людзей. "У чым іх віна? У чым, напрыклад, віна слесара завода, канструктара, аператара, вадзіцеля? У чым віна самога прадпрыемства? Яно нічога не парушае, дзейнічае ў рамках як нацыянальнага, так і міжнароднага заканадаўства. Што, дарэчы, ускосна пацвярджаецца самім рашэннем Еўрасаюза. У матывіровачнай частцы да рашэнняў аб увядзенні эканамічных санкцый адносна прадпрыемстваў прымяняюцца абсалютна недапушчальныя, бяздоказныя фармулёўкі. Фактычна на ўзроўні школьнага рэферата, але ніяк не міжнароднага права. Некаторыя прадпрыемствы трапілі ў гэты спіс толькі на аснове таго, што вырабляюць у тым ліку тэхніку спецыяльнага прызначэння. Па гэтай логіцы пад санкцыі Еўрасаюза павінны падпасці, напрыклад, усе прадпрыемствы Францыі, тэхніка якіх прымяняецца для разгону акцый "жоўтых камізэлек", - адзначыў ён.

Пры гэтым, як падкрэсліў Міхаіл Орда, Еўрасаюз абсалютна не ўлічвае наступствы прынятых рашэнняў для рэальных людзей. "Асабліва цынічна гэтыя дзеянні выглядаюць сёння, калі ўсе дзяржавы накіроўваюць максімум намаганняў і рэсурсаў на барацьбу з пандэміяй, і ААН яшчэ ў сакавіку заклікала адмовіцца ў гэтых умовах ад санкцый, каб у краін было больш магчымасцей для падтрымкі сістэм аховы здароўя і дапамогі людзям. Але Еўрасаюз гэтага чамусьці не чуе", - канстатаваў ён.

Старшыня ФПБ расказаў, што да іх ужо звяртаюцца працоўныя калектывы, работнікі прадпрыемстваў з просьбай абараніць іх правы. "І, безумоўна, мы будзем іх абараняць - будзем абараняць іх права працаваць без абмежаванняў і штучных бар'ераў, створаных па росчырку пяра па абсалютна надуманых падставах", - сказаў на заканчэнне Міхаіл Орда.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі