Сцяг Аўторак, 3 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 мая 2019, 20:00

Прафілактыка адру ў Беларусі праводзіцца ў поўным аб'ёме - Міністэрства аховы здароўя

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя Беларусі не выключае павелічэння колькасці завозаў віруса адру - улічваючы сітуацыю па захваральнасці ў Еўропе, актыўны выезд беларусаў за мяжу на адпачынак. Санітарна-проціэпідэмічныя мерапрыемствы арганізаваны і праводзяцца ў поўным аб'ёме. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства аховы здароўя, паведамляе БЕЛТА.

Спецыялісты нагадваюць: тым, хто плануе паездкі за межы Беларусі і не ведае пра свае прышчэпкі супраць адру, мэтазгодна ўдакладніць іх наяўнасць у паліклініцы па месцы жыхарства, у здраўпункце (медсанчасці) па месцы вучобы і работы і пры неабходнасці зрабіць прышчэпку. Калі ў падарожніка, які вярнуўся дадому, з'явіліся сімптомы інфекцыйнага захворвання (павышэнне тэмпературы цела, сып, болі ў горле, кашаль, кан'юктывіт), трэба неадкладна звяртацца да ўчастковага ўрача або ўрача-інфекцыяніста ў паліклініцы па месцы жыхарства і акцэнтаваць яго ўвагу на нядаўнім вяртанні з замежных краін.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначаюць, што ў Беларусі выпадкаў адру ў гэтым годзе значна менш, чым у мінулым. Тым не менш сітуацыя па захваральнасці знаходзіцца на пастаянным кантролі. У 2019-м у Беларусі зарэгістравана 106 лабараторна пацверджаных выпадкаў адру, з якіх 35 завезены, астатнія - звязаны з завазнымі. Яны зарэгістраваны ва ўсіх рэгіёнах: у Гомельскай вобласці - 21 выпадак, у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - па 17 (у тым ліку ў Гродне - 15), у Віцебскай і Мінскай абласцях - па 13, у Магілёўскай вобласці - 3 выпадкі. У Мінску зафіксаваны 22 выпадкі.

У чэрвені ў Беларусі пройдуць II Еўрапейскія гульні, і людзей, якія задзейнічаны ў іх правядзенні, вакцынуюць ад адру. Акрамя таго, у красавіку-маі праведзена імунізацыя супраць віруснага гепатыту А работнікаў прадпрыемстваў грамадскага харчавання, якія заняты непасрэдным гатаваннем ежы, прыцягваюцца да абслугоўвання ўдзельнікаў і гасцей гульняў. Для таго каб знізіць рызыку распаўсюджвання групавых выпадкаў захворванняў кішэчнымі інфекцыямі, былі лабараторна абследаваны работнікі прадпрыемстваў грамадскага харчавання і гандлю, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у гатаванні і раздачы ежы.

Як падкрэслілі ў Міністэрстве аховы здароўя, правядзенне гэтых і іншых мерапрыемстваў дасць магчымасць арганізаваць медыка-санітарнае забеспячэнне спаборніцтваў на належным узроўні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі