Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 мая 2019, 18:51

Прафесійныя стандарты будуць пакладзены ў аснову адукацыйных праграм новага пакалення - Карпенка

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прафесійныя стандарты будуць пакладзены ў аснову вучэбных планаў і праграм новага пакалення ў сістэме сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Аб гэтым сёння заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка на рэспубліканскім семінары "Перспектыўныя напрамкі развіцця сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр звярнуў увагу, што са з'яўленнем новых патрабаванняў да спецыялістаў ва ўмовах пераўзбраення прадпрыемстваў, развіцця тэхналогій і лічбавізацыі эканомікі ўзнікае неабходнасць у абнаўленні механізмаў узаемадзеяння заказчыкаў кадраў і сістэмы адукацыі. "Прафесійныя стандарты павінны быць пакладзены ў аснову адукацыйных стандартаў новага пакалення. Гэта азначае змяненне падыходаў па распрацоўцы ўсяго зместу адукацыі. Кіраўнікам каледжаў трэба будзе арганізаваць гэту работу ў сваіх калектывах", - сказаў ён.

Ігар Карпенка нагадаў, што Савет Міністраў прыняў шэраг дакументаў, якія ўплываюць непасрэдна на развіццё сістэмы адукацыі. Адным з іх стала стратэгія ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і план па яе рэалізацыі да 2025 года. У мэтах развіцця стратэгіі пры ўрадзе створаны савет, які будзе каардынаваць работу органаў дзяржкіравання і арганізацый па стварэнні сектаральных саветаў кваліфікацый, распрацоўцы прафстандартаў, фарміраванні сістэмы незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый.

"Па сутнасці, сектаральныя саветы сумесна з усімі зацікаўленымі павінны фарміраваць кваліфікацыйныя патрабаванні да будучага спецыяліста, на падставе якіх ужо сістэма адукацыі будзе ствараць адукацыйныя стандарты і вучэбна-праграмную дакументацыю. Нават у працэсе падрыхтоўкі спецыяліста мы дапускаем карэкціроўку зместу падрыхтоўкі кадраў пад патрэбнасці заказчыкаў", - растлумачыў міністр. Гэтыя падыходы знайшлі сваё адлюстраванне ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, дзе прапануецца адмовіцца ад тыпавых вучэбных планаў і праграм і перайсці да прыкладных, даўшы больш свабоды творчасці ўстановам адукацыі і заказчыкам кадраў.

Створана восем сектаральных саветаў, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі сістэмы адукацыі. Ігар Карпенка даручыў больш актыўна ўключацца ў дзейнасць рабочых груп, створаных пры сектаральных саветах па распрацоўцы прафесійных стандартаў, вывучаць змяненні працоўных функцый на рабочых месцах і прымяняць актуальныя галіновыя тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты пры распрацоўцы зместу падрыхтоўкі кадраў.

У семінары, які прайшоў сёння на базе БДУІР, прынялі ўдзел рэктары ўсіх устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі. Яны абмеркавалі асаблівасці развіцця каледжаў у адпаведнасці з патрэбнасцямі рэгіёнаў, абнаўленне структуры і зместу адукацыйных праграм, узаемадзеянне з арганізацыямі - заказчыкамі кадраў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі