Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 чэрвеня 2018, 15:24

Праект закона аб донарстве крыві і яе кампанентаў распрацоўваецца ў Беларусі

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект закона аб донарстве крыві і яе кампанентаў распрацоўваецца ў Беларусі, паведаміла сёння журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак у прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Дзеючы закон "Аб донарстве крыві і яе кампанентаў" быў прыняты 30 лістапада 2010 года. За мінулыя гады змянілася сітуацыя ў галіне донарства, узніклі пытанні, звязаныя з практыкай прымянення заканадаўчых актаў і іх няўзгодненасцю, з'явіліся прабелы ў прававым рэгуляванні. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць удасканалення заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін у гэтай сферы. Цяпер члены міжведамаснай рабочай групы распрацоўваюць праект закона "Аб змяненні законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў". Плануецца, што да лета наступнага года гэты законапраект будзе прыняты ў другім чытанні", - сказала Людміла Макарына-Кібак.

Палажэнні законапраекта будуць накіраваны на забеспячэнне прававых, арганізацыйных, эканамічных і сацыяльных асноў дзяржаўнага рэгулявання донарства ў Беларусі ў мэтах арганізацыі абарачэння крыві, яе кампанентаў, аховы здароўя донараў, пацыентаў, абароны іх правоў і законных інтарэсаў. "Сёння ў Беларусі адной з сур'ёзных праблем сістэмы аховы здароўя з'яўляецца адсутнасць сучаснай айчыннай вытворчасці лекавых сродкаў з плазмы крыві, здольнай у прамысловых аб'ёмах ажыццяўляць перапрацоўку плазмы і выпуск неабходнай прадукцыі. Для вырашэння праблемы прапануецца ўстанавіць даволі шырокую сферу дзеяння закона аб донарстве. Прадугледжваецца, што закон павінен комплексна рэгуляваць адносіны, звязаныя як з донарствам, так і з прамысловай вытворчасцю біялагічных лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў з крыві і яе кампанентаў", - адзначыла дэпутат. Плануецца, што нараўне з гэтым Савет Міністраў будзе надзелены неабходнымі паўнамоцтвамі па рэгуляванні пытанняў кантрактнай вытворчасці лекавых сродкаў з крыві і яе кампанентаў.

Для своечасовага выяўлення выпадкаў парушэння заканадаўства аб донарстве, папярэджання і выяўлення выпадкаў прычынення шкоды жыццю або здароўю донараў пры выкананні імі донарскай функцыі і пацыентаў пры медыцынскім прымяненні крыві вызначаецца статус трансфузіялагічнага нагляду. Акрамя таго, законапраектам будуць замацаваны сучасныя тэхналогіі павышэння бяспекі крыві і яе кампанентаў для жыцця і здароўя пацыентаў.

Праектам закона прадугледжваецца комплекснае рэгуляванне пытанняў прымянення ў адносінах да донараў дапаможных медыцынскіх тэхналогій. "Раней палажэнні, звязаныя з гарантыямі і кампенсацыямі пры прымяненні ў адносінах да донараў такіх тэхналогій, на ўзроўні заканадаўчых актаў адсутнічалі", - дадала Людміла Макарына-Кібак.

Таксама дакументам дэталізаваны пералік мерапрыемстваў па прапагандзе, арганізацыі і развіцці донарства, урэгуляваны статус грамадскага каардынацыйнага савета ў галіне донарства і ўводзіцца інстытут валанцёрства. "Гэта дасць магчымасць больш актыўна прыцягваць грамадзян да ўдзелу ў рэгулярным добраахвотным бязвыплатным донарстве", - падкрэсліла дэпутат.

Акрамя таго, прадугледжваецца ўвесці забарону на рэалізацыю кампанентаў крыві, загатаваных у Беларусі, у іншыя дзяржавы, а донарскую кроў цалкам выключыць з аб'ектаў грамадзянска-прававых здзелак, за выключэннем здзелак, якія маюць бязвыплатны характар. "Аналагічная забарона заканадаўча замацавана ў Расіі", - адзначыла Людміла Макарына-Кібак.

Таксама законапраектам значна пашыраны сацыяльны пакет бязвыплатнага донарства і замацаваны прынцып 100-працэнтнага бязвыплатнага донарства крыві. "Магчымасць здачы за плату прадугледжваецца захаваць выключна для донараў кампанентаў крыві і фармацэўтычных субстанцый", - растлумачыла дэпутат. Донарам, якія здаюць кампаненты крыві на аплатнай аснове, прапануецца гарантаваць магчымасць атрымання бясплатнага харчавання перад і пасля данацыі, вызваленне ад работы ў дзень выканання донарскай функцыі, выплаты за здадзеныя кампаненты крыві. Адначасова прадугледжваюцца дадатковыя гарантыі донарам, якія здалі кроў або яе кампаненты на бязвыплатнай аснове. Таксама прапануецца значна пашырыць сацыяльны пакет грамадзян, адзначаных нагрудным знакам узнагароды Міністэрства аховы здароўя "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі