Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лютага 2021, 14:09

Прадстаўнікоў рэлігійных канфесій і дзяржорганаў аб'яднаў круглы стол у Мінску

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Круглы стол на тэму "Міжканфесійная згода як важнейшы фактар умацавання грамадскага спакою і стабільнасці", прысвечаны Году народнага адзінства, праходзіць сёння ў "Прэзідэнт-атэлі" ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта першы ў рэспубліцы такі форум, які праводзіцца пад эгідай Следчага камітэта. Паказальна, што ў аб'яўлены кіраўніком дзяржавы Год народнага адзінства Інстытуту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта ўдалося сабраць такое шырокае кола ўдзельнікаў, прадстаўнікоў усіх канфесій, дзяржорганаў і арганізацый, якія ў тым ліку займаюцца праблемамі алкагалізму, рэсацыялізацыі раней асуджаных асоб, дэструктыўнага ўплыву на моладзь. Следчыя штодзённа сутыкаюцца з наступствамі гэтых праблем і разумеюць неабходнасць пошуку новых сродкаў і метадаў дапамогі грамадзянам. Розныя рэлігійныя арганізацыі і іх прадстаўнікі ў той ці іншай меры таксама вырашаюць такую задачу. Думаю, што калі мы аб'яднаем і скаардынуем нашы намаганні, то прымножым наш агульны вынік", - сказаў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч.

Паводле яго слоў, далейшае развіццё ў сферы прафілактыкі правапарушэнняў немагчыма разглядаць у адрыве ад грамадскіх тэндэнцый і рэалій. "Грамадства і ўзаемаадносіны ў ім развіваюцца імкліва. У той жа час духоўнае развіццё, на жаль, адстае ад навукова-тэхнічнага прагрэсу, таму трэба шукаць шляхі да аднаўлення гэтага балансу. Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць за тое, што вы адгукнуліся на наша запрашэнне, за неабыякавае стаўленне да тых пытанняў, якія тут узняты. Упэўнены, што гэта мерапрыемства будзе садзейнічаць далейшаму развіццю тэорыі і практыкі процідзеяння злачыннасці, абмену вопытам, умацаванню міжведамаснага супрацоўніцтва і наладжванню дружалюбных адносін. Следчы камітэт адкрыты для абмеркавання самага шырокага кола пытанняў, якія ў тым ліку стануць прадметам дыскусіі ў рамках гэтага мерапрыемства", - адзначыў першы намеснік старшыні.

У рабоце круглага стала ўдзельнічаюць прадстаўнікі рэлігійных канфесій, дзяржорганаў, навуковых і адукацыйных устаноў, грамадскіх аб'яднанняў, члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Мерапрыемства арганізавана для абмеркавання надзённых пытанняў узаемадзеяння царквы і дзяржавы на карысць беларускага народа, ролі рэлігійных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў у прафілактыцы правапарушэнняў, алкагалізму, наркамоніі і іншых асацыяльных з'яў, рэсацыялізацыі асуджаных, работы з моладдзю, процідзеяння рэлігійнаму экстрэмізму. Арганізатарамі форуму выступаюць Следчы камітэт і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі СК.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі