Сцяг Пятніца, 11 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 чэрвеня 2025, 18:31

Прадстаўнікі канфесій Беларусі вызначыліся з духоўнымі цэнтрамі. Якія гэта аб'екты, расказаў Румак

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стварэнне і развіццё духоўных цэнтраў усіх канфесій стане яшчэ адной скрэпай беларускага народа. Такой думкай з журналістамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падзяліўся ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак перад сустрэчай з кіраўнікамі асноўных рэлігійных канфесій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цэнтры прыцягнення для ўсіх рэлігійных канфесій прапанаваў стварыць у краіне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага 2025 года на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій. Размову ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прысвяцілі стварэнню і развіццю такіх духоўных цэнтраў.

Паводле слоў Аляксандра Румака, яны стануць духоўным месцам прыцягнення не толькі для прадстаўнікоў той ці іншай канфесіі. "У  Жыровічы, Полацк прыязджаюць і людзі веруючыя, і людзі няверуючыя, каб далучыцца да духоўных святынь, якія ўнеслі вельмі вялікі ўклад у гістарычнае развіццё нашага народа, фарміраванне беларусаў як этнасу, - сказаў ён. - Кожная канфесія агучыць тыя цэнтры, якія, на яе думку, здольны выконваць ролю духоўных цэнтраў".

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей упэўнены, што вызначэнне і развіццё такіх цэнтраў паслужыць яшчэ адным умацавальным фундаментам беларускага грамадства, скрэпай беларускага народа.

Канкрэтызуючы, ён растлумачыў, што размова ідзе пра існуючыя культавыя аб'екты. У прыватнасці, гэта Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр, Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр у Полацку, касцёл у Будславе, дзе знаходзіцца Будслаўскі абраз Божай Маці - святыня каранавана папскімі каронамі, штогод яна збірае паломнікаў з усёй краіны. Цэнтрам ісламу ў Беларусі лічыцца Іўеўская мячэць. Веруючыя іўдзейскай канфесіі вызначылі такім цэнтрам сінагогу ў Бабруйску, дзе створаны адпаведны комплекс. Ён уключае адноўленую сінагогу, яўрэйскі дворык, у якім пабудавана сцяна плачу. Вернікі прыносяць туды свае запіскі, якія перадаюцца ў Іерусалім. Там жа праводзяцца розныя мерапрыемствы для азнаямлення з традыцыямі іўдзейскай канфесіі.

Аляксандр Румак падкрэсліў, што суіснаванне ўсіх традыцыйных канфесій сведчыць аб міжканфесійным міры, які існуе ў Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Ён нагадаў, што ў рэспубліцы жывуць прадстаўнікі 25 канфесій і веравызнанняў. І ўсе гэтыя людзі жывуць у міры і згодзе, у павазе адзін да аднаго. Сённяшняе мерапрыемства - яшчэ адно сведчанне таго, як дзяржава садзейнічае падтрыманню канфесійнага міру.

"Дзяржава не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных канфесій, але ў той жа час дзяржава дапамагае аднаўленню духоўных святынь", - адзначыў Аляксандр Румак.

У інвестыцыйную праграму ўключаюцца культавыя аб'екты як праваслаўнай, так і каталіцкай царквы, аказваецца дапамога ў іх аднаўленні, адзначыў Аляксандр Румак. Супрацоўніцтва таксама праяўляецца ва ўзаемадзеянні дзяржавы і царквы ў пытаннях духоўна-маральнага выхавання, што цяпер вельмі актуальна.

"Фарміраванне такіх духоўных цэнтраў, іх далейшае развіццё - работа не аднаго дня. Гэта работа на доўгія гады. Сумесныя намаганні дзяржаўных органаў рознага ўзроўню і нашых канфесій у імя адной мэты - у імя ўмацавання нашай незалежнай дзяржавы, у імя падтрымання стабільнасці і згоды ў нашым грамадстве", - падкрэсліў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

Кіраўнікам асноўных рэлігійных канфесій прадэманстравалі свяшчэнныя кнігі, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у тым ліку Біблію Францыска Скарыны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі