
21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Студэнты БДУІР і Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.П. Агарова занялі першае месца на расійска-беларускім форуме студэнцкіх СМІ "Індустрыя медыя" ў Пскове, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай ВНУ.
У форуме прынялі ўдзел 20 расійскіх і беларускіх ВНУ, больш за 100 прадстаўнікоў маладзёжных універсітэцкіх медыя. БДУІР прадставілі начальнік прэс-службы ўніверсітэта Раман Роль і студэнты з каманды Маладзёжнага тэлебачання Аляксей Прохарчык, Дзмітрый Валасюк, Ганна Ларчанка, Ірына Шыкалава і Ларыса Лашкевіч.
Асноўнай задачай каманд на працягу трох дзён была распрацоўка супольнасцей у сацыяльных сетках. Некаторыя каманды развівалі існуючыя студэнцкія медыя, а частка, у тым ліку і БДУІР, працавала над новымі супольнасцямі. Эксперты пры ацэнцы праектаў удзялялі ўвагу крэатыўнасці кантэнту і зладжанасці работы ўдзельнікаў.
У рамках медыяфоруму былі праведзены стратэгічныя сесіі, прысвечаныя рэалізацыі сумесных адукацыйных і інфармацыйных праектаў. На іх ВНУ абмяняліся лепшымі практыкамі ў сферы медыя. Для студэнтаў былі праведзены круглыя сталы і майстар-класы.-0-