Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 лютага 2022, 16:42

#Поговорисподростком: Следчы камітэт запусціў флэшмоб па прафілактыцы наркаманіі

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Следчы камітэт запускае інтэрактыўны флэшмоб #поговорисподростком. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК.

"Праблема незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у Беларусі становіцца ўсё больш актуальнай. Штодзённа следчыя падраздзяленні ведамства ўзбуджаюць крымінальныя справы за ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных арт.328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) КК. Усяго за 2021 год паводле арт.328 узбуджана 4631 крымінальная справа. З іх 2545 з мэтай збыту, гэта ч. 2-5 артыкула. Для параўнання: у 2020 годзе такіх крымінальных спраў было ўзбуджана 3504", - расказалі ў СК.

Як паказвае практыка, паралельна колькасці крымінальных спраў назіраецца павелічэнне колькасці непаўналетніх, абвінавачаных па гэтай катэгорыі. З кожным годам усё больш непаўналетніх уключаецца ў незаконны абарот наркатычных сродкаў і самі становяцца наркаспажыўцамі. Колькасць непаўналетніх, якія абвінавачваюцца па арт.328 КК, у мінулым годзе склала 90 чалавек, у 2020-м іх было 33.

"Улічваючы, што праблема мае масавы характар і патрабуе павышанай увагі з боку бацькоў, апекуноў, законных прадстаўнікоў і грамадскасці, Следчы камітэт запускае інтэрактыўны флэшмоб #поговорисподростком", - адзначылі ў ведамстве.

У маі 2021 года павышаная актыўнасць новага інтэрнэт-магазіна па продажы наркотыкаў і псіхатропаў была зафіксавана на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Ён набыў папулярнасць у кур'ераў, закладчыкаў і тых, хто ўжывае наркотыкі. Сёння ў вядзенні па справе следчага ўпраўлення УСК па Брэсцкай вобласці знаходзіцца крымінальная справа аб незаконным набыцці, захоўванні і перавозцы псіхатропных рэчываў з мэтай збыту. Размова ідзе аб асабліва небяспечных псіхатропных рэчывах, ды яшчэ і ў буйным памеры. Злачынства ўчынена арганізаванай групай. У статусе абвінавачаных - 17 маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў, сярод іх 6 непаўналетніх, якія зрабілі не менш за 1 тыс. закладак псіхатропаў.

У апошняй крымінальнай справе, выдзеленай у асобнае вядзенне па справе і накіраванай у суд, у якасці абвінавачаных - 22-гадовы мінчанін і 17-гадовая школьніца з Жабінкі. Разам яны рабілі закладкі, а частку наркотыкаў ужывалі. Свае дзеянні не саромеліся фатаграфаваць на тэлефон. Усяго яны расклалі закладкі з наркотыкам агульнай масай больш за 65 г, гэта не менш за 430 разавых доз.

На тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе была створана злачынная арганізацыя - сетка інтэрнэт-магазінаў, якая не мела аналагаў на тэрыторыі краіны па сваёй структуры і аб'ёмах продажаў наркотыкаў. У ходзе следства ўстаноўлена структура злачыннай арганізацыі, якая складалася з чатырох інтэрнэт-магазінаў, падпарадкаваных адзінаму цэнтру, якія займаліся распаўсюджваннем наркотыкаў на тэрыторыі краіны, а таксама Telegram-каналаў і сэрвісу на буйнейшым расійскім даркнет-рынку. Злачынную дзейнасць інтэрнэт-магазіна расследуе галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта. З крымінальнай справай у агульным звязана (з улікам крымінальных спраў, накіраваных у суд і выдзеленых для накіравання ў суд) 376 крымінальных спраў у адносінах да 153 абвінавачаных. Перададзены пракурору крымінальныя справы ў адносінах да 92 абвінавачаных. Узрост абвінавачаных - ад 18 да 53 гадоў, прычым пераважае моладзь ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў.

Не застаецца без увагі тэма гібелі людзей у выніку спажывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Паводле афіцыйных звестак МУС, у 2021 годзе ў выніку спажывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у Беларусі памерлі 140 чалавек.

Асноўныя прыкметы чалавека, які ўжывае псіхатропныя рэчывы: дзікі погляд, абязводжванне, трывожны стан (адчуванне, што за табой усе сочаць, што за табой прыйшлі), дэфекты маўлення (сутаргавыя рухі ніжняй сківіцай, грымасы), адсутнасць апетыту, галюцынацыі (як правіла, слыхавыя), жэстыкуляцыя (міжвольныя рухі рукамі, нагамі, галавой), поўная адсутнасць сну, надзвычайны прыліў энергіі (жаданне рухацца, нешта рабіць, усе дзеянні, як правіла, непрадукцыйныя), жаданне рабіць якую-небудзь карпатлівую работу (як правіла, пачынаюць разбіраць на складнікі складаныя механізмы), узнікаюць вар'яцкія ідэі (напрыклад, пакіраваць светам).

"Калі ў вас узніклі падазрэнні, то ў першую чаргу неабходна праверыць камп'ютарную тэхніку свайго дзіцяці. У прыватнасці, звяртайце ўвагу на мэсэнджары Telegram, ViPole, Jabber і праграму Tor. Яны могуць сведчыць, што дзіця наведвае забароненыя рэсурсы, цікавіцца процізаконнымі рэчамі, якія могуць якраз датычыцца ўдзелу ў распаўсюджванні забароненых рэчываў або іх ужыванні, якіх няма ў адкрытым доступе. Трэба звяртаць увагу, калі дзіця ставіць паролі, графічныя ключы доступу да сваіх гаджэтаў, а таксама асобных праграм. Пажадана ведаць коды доступу і ў выпадку падазрэнняў вывучыць перапіску. Часам падлеткі могуць такім спосабам хаваць ад бацькоў сваё асабістае жыццё. Адразу біць трывогу з-за пароля на тэлефоне не трэба, але трымаць руку на пульсе трэба заўсёды. І самае галоўнае - наяўнасць у дзіцяці грашовых сродкаў або значных сум. Асабліва калі вы ведаеце, што яно нідзе не працуе. Калі дзіця перастала прасіць кішэнныя грошы, а заработку ў яго няма, то гэта ўжо прычына задумацца", - адзначылі ў СК.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі