
(АБНОЎЛЕНА:10 мая 00:08)
Агульнанацыянальная мінута маўчання прайшла ў Беларусі.
МІНСК




БРЭСТ
ВІЦЕБСК
МАГІЛЁЎ












ГРОДНА







ГОМЕЛЬ



МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ







80 гадоў таму, 9 мая 1945-га, была атрымана Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, якая доўжылася 1418 дзён і начэй. Савецкі народ адыграў вырашальную ролю ў барацьбе супраць фашызму і вынес на сваіх плячах асноўны цяжар вайны, вызначыўшы будучыню ўсёй сусветнай цывілізацыі.
Беларусь першай з саюзных рэспублік прыняла на сябе масіраваны ўдар фашысцкіх захопнікаў, стаўшы арэнай самых буйных бітваў. Першымі наступленне ворага адбівалі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войскаў прыкрыцця. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады. Стойка трымаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці, Мінска, Магілёва. 14 ліпеня пад Оршай супраць ворага былі ўпершыню прыменены савецкія рэактыўныя ўстаноўкі "Кацюша". Супраціўленне, аказанае ворагу ў баях на тэрыторыі Беларусі ў пачатку вайны, дало магчымасць сарваць нямецкія планы імклівага наступлення на Маскву.

Аднак, нягледзячы на праяўленыя мужнасць і гераізм, тэрыторыя Беларусі да пачатку верасня 1941 года была акупіравана немцамі. Пасля пачатку акупацыі ў Беларусі разгарнулася небывалае па сваёй масавасці і ўпартасці супраціўленне ворагу. Галоўнай формай усенароднай барацьбы стаў партызанскі рух, у якім за гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічалі амаль 374 тыс. партызан, звыш 70 тыс. чалавек налічвала антыфашысцкае падполле. У партызанскіх атрадах разам з беларусамі змагаліся прадстаўнікі розных народаў Савецкага Саюза і антыфашысты з еўрапейскіх краін. У гады вайны існавалі каля 30 партызанскіх зон, тэрыторыю якіх немцам так і не ўдалося акупіраваць.
Беларусы - адна з найбольш пацярпелых у выніку вайны нацый. Гітлераўцы правялі ў Беларусі больш за 180 буйных карных аперацый. Трагічным сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва стала вёска Хатынь. У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа было ўстаноўлена, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 587 лагераў смерці. У іх ліку самы буйны на ўсёй захопленай савецкай тэрыторыі лагер смерці "Трасцянец", дзе, згодна з апошнімі данымі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, загінулі не менш як 546 тыс. чалавек.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі БССР нацысцкія злачынцы знішчылі поўнасцю або часткова, у тым ліку разам з жыхарамі, не менш як 12 868 сельскіх населеных пунктаў. Спіс вёсак, якія падзялілі трагічны лёс Хатыні, гэта значыць тых, якія былі спалены поўнасцю з жыхарамі і не аднавіліся пасля вайны, дапоўнены новымі населенымі пунктамі. На гэты момант іх налічваецца не менш як 290.
Беларусь у вайне страціла больш за палавіну свайго нацыянальнага багацця. Велізарнымі былі людскія страты. У гады нацысцкай акупацыі з 1941-га па 1944-ы на тэрыторыі Беларусі былі знішчаны не менш як 3 млн мірных грамадзян і ваеннапалонных, выгнаны ў нямецкае рабства пад пагрозай смерці больш як 380 тыс. чалавек, з якіх многія загінулі ў выніку нясцерпных умоў працы, нягод і катаванняў.
У Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. За праяўленыя масавыя гераізм і мужнасць у барацьбе супраць агрэсараў сталіцы Беларусі гораду Мінску ў ліку 12 гарадоў былога Савецкага Саюза было прысвоена ганаровае званне горада-героя. Званне крэпасці-героя атрымала Брэсцкая цытадэль. Узнагародамі адзначаны і іншыя гарады Беларусі. Аб ахвярах вайны і подзвігу народа сведчаць шматлікія абеліскі, помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курган Славы. Важнай навуковай і культурнай установай з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У летапісе Беларусі не было вайны больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная, не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, выратаваў чалавецтва ад нацызму. Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць, яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям'і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога - вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа.
Усё далей і далей аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, сказаў: "Святкуючы Дзень Перамогі, кожны год мы ў думках вяртаемся ў мінулае - нясцерпна балючае і бяспрыкладна гераічнае. У ім урокі, якія дапамагаюць нам глядзець на сваю гісторыю, сваю сучаснасць і сваю будучыню. І глядзець без ілюзій!" Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў: "Беларусь панесла незаменныя страты. Але мы памятаем: нашы героі пайшлі, каб мы, наступныя пакаленні, ніколі не зведалі боль страт і гора. Яны пайшлі, каб мы маглі нарадзіцца. Каб мы жылі. Таму Беларусь памятае!"

Дзень Перамогі традыцыйна адзначаецца некалькі дзён па ўсёй краіне. Арганізуюцца канцэрты, фестывалі, выставы, патрыятычныя акцыі, песенныя конкурсы, тэматычныя і інфармацыйныя гадзіны ў школах. Напярэдадні свята ў беларускіх гарадах праходзяць народныя ўскладанні ў месцах пахавання воінаў, вязняў канцлагераў, каб ушанаваць памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Па ўсёй рэспубліцы праходзяць ушаноўванні ветэранаў. На сённяшні дзень у Беларусі іх засталося ўсяго 800, у тым ліку 427 удзельнікаў і інвалідаў вайны, а таксама 6,3 тыс. асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, з якіх 5,6 тыс. - былыя вязні фашызму.

У сталіцы праграма святкавання 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне абяцае быць цікавай і насычанай. На працягу дня будуць працаваць дзве асноўныя гарадскія пляцоўкі - ля Палаца спорту і на тэрыторыі Верхняга горада. На пляцоўцы ля Палаца спорту пройдзе святочны гала-канцэрт з удзелам беларускіх і расійскіх артыстаў. Там будзе арганізавана прамая трансляцыя парада, а таксама кірмаш і іншыя мерапрыемствы. На пляцоўцы ў Верхнім горадзе гледачоў чакаюць канцэртная праграма і інтэрактыўныя зоны. Акрамя таго, маштабныя праграмы падрыхтаваны ва ўсіх раёнах горада. У паркавых зонах будзе працаваць больш за 20 пляцовак.

У вячэрні час у сталіцы пройдзе ваенны парад з тэатралізаваным эпізодам. Больш за 4 тыс. чалавек прымуць у ім удзел у складзе 30 пешых разлікаў. Таксама запрошаны разлікі з дружалюбных краін: Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі і шэрага дзяржаў СНД.
Кульмінацыяй свята традыцыйна стане салют. Асноўная пляцоўка - сквер каля гасцініцы "Беларусь". Акрамя таго, салюты адбудуцца ў пяці раёнах горада: у парку імя Паўлава, мікрараёне Дразды, парку імя Уга Чавеса, на пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" і каля Нацыянальнай бібліятэкі.-0-

