Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 лютага 2017, 10:12

Пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін пачаў дзейнічаць у Беларусі

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін пачаў дзейнічаць 12 лютага ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Прыехаць у Беларусь без візы змогуць грамадзяне 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразіліі, Інданезіі, ЗША, Японіі і іншых дзяржаў. У першую чаргу гэта добранадзейныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі, дзяржавы, якія ў аднабаковым парадку ўстанавілі бязвізавы рэжым у адносінах да беларускіх грамадзян. Новыя правілы ахопліваюць таксама такую катэгорыю, як неграмадзяне Латвіі і асобы без грамадзянства Эстоніі.

Абавязковай умовай з'яўляецца прыбыццё праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе дзеючы пашпарт або іншы дакумент, які яго замяняе, для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як дзвюм базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не менш як 10 тыс. еўра, што дзейнічае ў Беларусі.

Бязвізавае знаходжанне ў Беларусі на працягу пяці сутак не запатрабуе ад іншаземцаў выканання дадатковых фармальнасцей - ім не патрэбна будзе рэгістравацца ў органах унутраных спраў.

Для грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з'яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу дзеючай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу 5 дзён з даты ўезду.

Бязвізавы ўезд іншаземцаў у Беларусь не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць з расійскіх аэрапортаў, а таксама збіраюцца вылецець у аэрапорты Расіі (гэтыя рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).

Абмежаванняў на колькасць паездак у Беларусь для іншаземцаў пасля ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму няма.

Міністэрства спорту і турызму прагназавала пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму павелічэнне патоку турыстаў на 20 працэнтаў. Перш за ўсё Мінспорту арыентуецца на краіны Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Персідскага заліва. Сваю поўную падтрымку рашэння Беларусі запусціць пяцідзённы бязвізавы рэжым выказала Сусветная турысцкая арганізацыя (ЮНВТО). Гэта мера накіравана на бесперашкоднае перамяшчэнне і прыцягненне турыстаў, асабліва тых, хто наведвае краіну з дзелавымі паездкамі, адзначае ЮНВТО. Спрашчэнне візавага рэжыму адносіцца да ліку найбольш эфектыўных стратэгій для стымулявання развіцця турызму ў рэгіёне або ў краіне, і ў ЮНВТО ўпэўнены, што ў турыстычным сектары ў Беларусі адбудуцца пазітыўныя змяненні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі