
10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Айчынны кінематограф у яго цяперашнім стане краіне не патрэбны, але ёсць надзея, што моладзь яго адродзіць. Аб гэтым заявіла журналістам віцэ-прэм'ер Наталля Пяткевіч па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця нацыянальнага кінематографа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Пяткевіч адзначыла, што размова была жорсткая, але сумленная і справядлівая. "Таму што столькі, колькі Прэзідэнт удзяляе ўвагі і кіно, і наогул мастацтву, яго развіццю ў нашай краіне, колькі сродкаў у гэта ўкладзена на працягу дзесяцігоддзяў... Давайце будзем шчырымі - адпаведнай аддачы няма", - сказала Наталля Пяткевіч. Яна канстатавала, што апошнім часам няма гучных прэм'ер ад "Беларусьфільма", карцін, якія абмяркоўвалі б гледачы. Успамінаюцца ў асноўным толькі кінастужкі мінулых гадоў. Хоць для падтрымкі айчыннага кінематографа з боку дзяржавы робіцца вельмі шмат, пачынаючы ад фінансавання і заканчваючы прававой падтрымкай.
"Такая размова наспела даўно. Вельмі шкада, вядома, што давялося яе выносіць на ўзровень Прэзідэнта. У тым стане, у якім цяпер кіно, па вялікім рахунку яно нам не патрэбна. Таму што мы яго не бачым. Яго няма, па сутнасці. Але ёсць вельмі вялікія надзеі, што новае кіраўніцтва (назначаны нядаўна новы кіраўнік кінастудыі "Беларусьфільм"), новы міністр культуры, які ведае і разумее кіно... У іх ёсць жаданне нешта рабіць. Вельмі хочацца, каб мы ўсе, грамадзяне Беларусі, атрымалі наша, беларускае кіно", - падкрэсліла віцэ-прэм'ер.

"Беларусьфільм" з'яўляецца адным з нацыянальных брэндаў нашай краіны, і трэба прыкласці ўсе намаганні, каб ён зноў заззяў і стаў нагодай для гонару беларусаў.
"Новае кіраўніцтва кінастудыі, маладыя рэжысёры выказалі (у час нарады. - Заўвага БЕЛТА) гатоўнасць усё ж адрадзіць былую славу "Беларусьфільма". Пачынаць трэба з самага пачатку - з моладзі", - лічыць віцэ-прэм'ер. Кінамастацтва, паводле яе слоў, дае магчымасць для самарэалізацыі вялікай колькасці моладзі, якая вырашыла прысвяціць сябе мастацтву. "Маладыя студэнты, маладыя акцёры, рэжысёры, сцэнарысты, аператары, іншыя ўдзельнікі кінавытворчасці павінны ўбачыць сябе запатрабаванымі ва ўласнай краіне. Гэта самая галоўная задача", - падкрэсліла Наталля Пяткевіч.
У ліку першачарговых задач яна таксама назвала навядзенне парадку на самой кінастудыі: ад элементарнага прывядзення ў парадак тэрыторыі да вырашэння рэальных кінематаграфічных задач.-0-