Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 верасня 2024, 14:31

Пярцоў пра Дзень народнага адзінства: мы настойваем на гістарычнай праўдзе, не займаемся міфалагізацыяй

18 верасня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Уз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі 17 верасня 1939 года з'явілася фактычна ўз'яднаннем беларускай сям'і. Аб гэтым перад сустрэчай з ідэалагічным актывам Гродзенскай вобласці сказаў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гаворачы аб тэме сустрэчы, Уладзімір Пярцоў адзначыў, што размова пойдзе пра Дзень народнага адзінства. "Пра тую падзею, якая 85 гадоў асабліва шануецца і святкуецца ў заходніх рэгіёнах нашай краіны, паколькі менавіта тут людзі, беларусы адчулі ўсё тое, што было ў міжваенны перыяд, увесь той прыгнёт, дыскрымінацыю і этнацыд, які ўчынялі польскія ўлады ў адносінах да беларусаў, іх мовы, культуры, веры. Усё тое, што яны абяцалі пры заключэнні Рыжскага міру, не было выканана. Такія міфы і легенды, якія мы чытаем з польскіх псеўдакрыніц аб тым, што тут ледзь не дзверы каўбасой зачынялі, як багата і ў дастатку жылі, не прыціскаліся людзі ўсіх нацыянальнасцей, усё развенчваецца простымі фактамі, статыстыкай па колькасці беларускіх школ, культурных устаноў, па тых месцах утрымання беларусаў, якія не хацелі размаўляць па-польску і пераходзіць у каталіцкую веру. Бяроза-Картузская і шмат такіх мясцін па нашай краіне, дзе такі этнацыд практычна ўчыняўся, гэта было задоўга яшчэ да з'яўлення іншых фашысцкіх праяў на нашай зямлі", - сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Таму ўз'яднанне нашай краіны, уз'яднанне фактычна адной беларускай сям'і, штучна разрэзанай без ведама, без удзелу беларусаў пры заключэнні Рыжскага мірнага дагавора, з'яўляецца і з'яўлялася заўсёды сапраўдным святам. Тут, у заходніх рэгіёнах, ёсць шмат вуліц, плошчаў, названых у гонар 17 верасня. Людзі ўсходніх абласцей не заўсёды ведалі, некаму даводзілася расказваць пра сэнс гэтай даты, але тут дакладна ведаюць, што немагчыма разарваць адну сям'ю, немагчыма разлучыць блізкіх людзей, штучна нарысаваўшы нейкую граніцу, і тым больш, калі палова гэтай сям'і, блізкія людзі падвяргаюцца такой дыскрымінацыі і такому бесчалавечнаму ўздзеянню", - адзначыў Уладзімір Пярцоў.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што на гэту тэму трэба гаварыць, не трэба замоўчваць. "Мы заўсёды настойваем на гістарычнай праўдзе, мы не перакручваем ніякія факты, мы не займаемся міфалагізацыяй, не прыдумляем нейкія казкі, не ўводзім у зман нашых людзей, асабліва моладзь. Мы стараемся прыводзіць фактуру, кіна-, фотадакументы, дакументальную хроніку для таго, каб ўсё паказваць і расказваць. Ні ў якім разе не спрабуючы пры гэтым наводзіць нейкія неўласцівыя для нашай краіны варожасць і канфлікты ўнутры Беларусі, - адзначыў Уладзімір Пярцоў. - Наша палітыка і сустрэча, праведзеная на мінулым тыдні, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей з кіраўніком нашай дзяржавы паказалі, што чалавек любой нацыянальнасці, любой веры можа рэалізавацца тут і ніхто не пытаецца і ніхто не глядзіць у яго пашпарт, хоць у нас нават у пашпарце такой графы "нацыянальнасць" цяпер няма. Ён можа займаць любыя пасады, дзяржаўныя пасады. Я думаю, што тэлефонны даведнік, у тым ліку кіраўнікоў Гродзенскай вобласці, з прозвішчамі, імёнамі і па бацьку, - лепшы доказ".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі