Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 красавіка 2024, 16:42

Пярцоў: павага да дзяржсімвалаў краіны садзейнічае выхаванню патрыятызму ў моладзі

3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Павага да дзяржаўных сімвалаў краіны садзейнічае выхаванню ў маладога пакалення каштоўнасцей патрыятызму. Аб гэтым заявіў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў на пасяджэнні рэспубліканскага міжведамаснага каардынацыйнага савета па патрыятычным выхаванні насельніцтва "Фарміраванне павагі да дзяржаўных сімвалаў" у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для папулярызацыі беларускай сімволікі ва ўсіх гандлёвых сетках "Белсаюздруку" шырока прадстаўлена адпаведная прадукцыя: значкі, ручкі, блакноты, флажкі, магніты, паштоўкі, плакаты, бірулькі. Асабліва хачу звярнуць увагу на наклейкі, якія былі выпушчаны намі і прадаюцца ў нашых сетках. Яны добра клеяцца на багажнік аўтамабіляў і напярэдадні дзяржаўных свят упрыгожваюць аўтамабілі сапраўдных патрыётаў. А мы пра гэта робім сюжэты на цэнтральных і рэгіянальных тэлеканалах", - сказаў Уладзімір Пярцоў.

Паводле яго слоў, такая прадукцыя карыстаецца попытам у пакупнікоў. "Асаблівая актыўнасць назіраецца напярэдадні дзяржаўных свят, а таксама ў час правядзення рэспубліканскіх акцый. Безумоўна, павага да дзяржаўных сімвалаў нашай краіны садзейнічае выхаванню ў маладога пакалення каштоўнасцей патрыятызму, грамадзянскасці, адказнасці за будучыню Беларусі", - падкрэсліў міністр.

"Сваю важкую лепту ў захаванне і фарміраванне паважлівага стаўлення да дзяржаўнай сімволікі ў нашых грамадзян уносяць дзяржаўныя цэнтральныя і мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, а таксама кнігавыдаўцы. Гэта работа вядзецца як шляхам напаўнення спецыяльных рубрык, стварэння тэматычных сюжэтаў і рэпартажаў, падрыхтоўкі інфармацыйных тэлерадыёэфіраў, спецыяльных газетных палос, так і рэалізацыі спецпраектаў, у тым ліку кніжных", - адзначыў Уладзімір Пярцоў.

Асаблівае гучанне гэтай тэме адводзіцца напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. "Гэта святочнае афармленне эфіраў рэспубліканскіх і рэгіянальных тэлеканалаў, першых палос друкаваных выданняў, падрыхтоўка шэрага тэматычных праектаў", - дапоўніў міністр.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі