
22 верасня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў прыняў удзел у пасяджэнні Смаргонскага райвыканкама, дзе абмяркоўвалася рэалізацыя асноўных напрамкаў маладзёжнай палітыкі, сустрэўся з ідэалагічным актывам раёна, наведаў мясцовыя СМІ - рэдакцыі радыё, тэлебачання, раённай газеты "Светлы шлях". Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.
"Наша задача - узаемадзеянне з маладой аўдыторыяй, прыцягненне яе ў нашы рады, фарміраванне маладога чалавека, гатовага жыць жыццём свайго рэгіёна, удзельнічаць у працэсах, якія адбываюцца ў сваёй дзяржаве, у патрэбны момант стаць на абарону роднага краю. Як вядома, ідэалогія - гэта працэс трансфармацыі ведаў у перакананні, а перакананняў - у дзеянні. Пры гэтым каналы камунікацыі з рознымі групамі людзей павінны быць рознымі. У аўдыторыі ва ўзросце - свае перавагі. Маладыя чэрпаюць інфармацыю часцей з радыё, усё больш захоплены сацсеткамі, чытаюсь мэсэнджары. У яшчэ больш юным асяроддзі - поўнае непрыняцце канвенцыянальных СМІ, яны глядзяць юцьюб, іншыя сэрвісы, медыякантэнт. Гэта значыць, што мы павінны падбіраць каналы данясення інфармацыі да розных узроставых груп", - такое меркаванне выказаў Уладзімір Пярцоў у размове з ідэалагічным актывам і журналістамі.
"Нам усім трэба ісці да моладзі, - падкрэсліў Уладзімір Пярцоў. - Яна ў нас добрая. Пры гэтым трэба ўлічваць, што моладзь фарміруецца пад уздзеяннем той інфармацыі, якую яна спажывае, каналаў камунікацыі, якім давярае, якія для яе зручныя. З-за ўзросту, з-за паскарэння працэсаў, якія адбываюцца, яна не ўспрымае вялікія матэрыялы. Ёй трэба атрымаць інфармацыю хутка, у фармаце аўдыявізуальнага кантэнту. Для таго каб данесці сваю інфармацыю, яе трэба адаптаваць да патрэб сучаснага маладога чалавека. І тады мы будзем трапляць у яго стужку, фарміраваць яго светапогляд, будзем уплываць на яго перакананні і фарміраваць з яго сапраўднага патрыёта сваёй краіны, грамадзяніна, гатовага ў любы момант абараняць Радзіму, грамадзяніна, які любіць свой край, дзе ён жыве. Акрамя СМІ ў нас ёсць і іншыя каналы камунікацыі. Гэта асветная работа, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы, размовы твар у твар, што таксама з'яўляецца даволі эфектыўным і плённым спосабам работы з маладым пакаленнем".-0-