Сцяг Пятніца, 16 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 красавіка 2025, 15:42

Пярцоў аб Дырэктыве нумар 12: расстаўлены акцэнты ў разуменні беларускіх сэнсаў і наратываў

Уладзімір Пярцоў. Фота з архіва
Уладзімір Пярцоў. Фота з архіва
Адзін з найважнейшых дакументаў - Дырэктыва нумар 12 "Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы" - быў падпісаны 9 красавіка Прэзідэнтам Беларусі. Гэта чаканы дакумент, перш за ўсё таму, што вялося нямала дыскусій аб тым, у якім напрамку развівацца і што браць за аснову ў рабоце ў ідэалагічнай прасторы. Пра значнасць дакумента карэспандэнт БЕЛТА пагутарыў з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімірам Пярцовым.

- Уладзімір Барысавіч, наколькі значным, своечасовым і неабходным з'яўляецца гэты дакумент?

- Час для такога дакумента аб'ектыўна надышоў. Прызідэнт часта ў апошнія гады вяртаўся да пытанняў ідэалогіі, нацыянальнай ідэі, каштоўнасцей і сэнсаў. Заняцца ідэалогіяй, прапагандай і контрпрапагандай было яго прамым даручэннем. І мы над гэтым даволі актыўна працавалі.

Калі гаварыць коратка, то па сутнасці гэта дырэктыва - своеасаблівая дарожная карта, якая неабходна, каб апісаць простай і зразумелай мовай канцэпцыю дзяржаўнасці, зрабіць адзінымі падыходы да арганізацыі і правядзення ідэалагічнай работы па ўсёй краіне - у навучальных установах, на прадпрыемствах, каб даносіць дзяржаўны парадак дня ў тым ліку да грамадзян, занятых у прыватным сектары эканомікі. Можна сказаць, што дакумент вызначае адзіныя правілы гульні ў ідэалагічным полі.

- Як ішла падрыхтоўка дакумента, хто прымаў удзел у распрацоўцы?

- Да работы былі падключаны рэспубліканскія і рэгіянальныя дзяржорганы, экспертная і навуковая супольнасці, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасці.

Пры Адміністрацыі Прэзідэнта была створана рабочая група, якія прыводзіла да адной роўніцы велізарную колькасць прапаноў, меркаванняў і пазіцый. Работа была праведзена каласальная. Пры гэтым галоўным крытэрыем быў адзін - ісці ад жыцця. Гэты прэзідэнцкі прынцып дапамагаў адкідваць усё наноснае, штучнае і надуманае. Таму дакумент, на мой погляд, атрымаўся максімальна практыка-арыентаваным.

У сухім астатку дырэктыва як указ праграмнага характару вырашае ключавыя задачы: у ёй вызначаюцца ідэйныя арыенціры беларускага грамадства на сучасным этапе развіцця, раскрываецца механізм рэалізацыі ідэалагічнай работы, а таксама ўстанаўліваецца ацэнка эфектыўнасці ідэалагічнай работы. А гэта ж таксама вельмі важны момант для эфектыўнай рэалізацыі дакумента.

На практыцы мы бачылі, што ёсць некаторыя нюансы ў ідэалагічнай прасторы, якія трэба ўстараняць. Для разумення: да ўчарашняга дня ў ідэалагічнай рабоце мы кіраваліся дакументамі 2003 і 2004 гадоў, якія, што відавочна, устарэлі для работы ў сучасных рэаліях. Пры гэтым яшчэ і падыходы да ідэалагічнай работы розніліся ад рэгіёна да рэгіёна. І таму было важна абагульніць увесь вопыт і ўстанавіць адзіныя падыходы ў практычных напрамках ідэалагічнай работы па ўсёй краіне.

- Што было ўзята пад увагу пры фарміраванні асноў ідэалогіі беларускага грамадства, якія зацвердзіла падпісаная Прэзідэнтам Дырэктыва нумар 12?

Сапраўды, найбольш важны складнік дырэктывы - сцвярджаемыя ёю асновы ідэалогіі беларускага грамадства. Гэта своеасаблівы буквар грамадзяніна краіны. Гэта ёмістае і сціслае апісанне жыцця беларускага грамадства і дзяржавы ў праламленні мінулага, сучаснага і будучага. Расстаўлены акцэнты ў разуменні беларускіх сэнсаў і наратываў.

Адначасова хачу сказаць усім крытыкам. Размова не ідзе аб насаджэнні нейкай аднадумнасці, размова ідзе пра неабходнасць валодання грамадзянамі краіны дакладнымі, зразумелымі ведамі асноў жыцця сваёй краіны. Кашы ў галовах у людзей быць не павінна!

Калі мы хочам выхаваць думаючых, патрыятычных, гатовых у выпадку неабходнасці ўстаць на абарону сваёй краіны грамадзян, якія добра ўсведамляюць, "што такое добра і што такое дрэнна", то павінна весціся адпаведная работа, павінны прапагандавацца ў грамадстве адпаведныя ідэалы і каштоўнасці. І мы гэта будзем рабіць.

Гэта выдатна ведаюць і нашы так званыя заходнія настаўнікі. Нам яны навязваюць прынцыпы плюралізму, а ў сябе ўводзяць пакаранні, аж да крымінальных, за спробы перагляду сталых ісцін гісторыі і сучаснасці сваёй дзяржаўнасці.

Немагчыма ўявіць сабе немца, італьянца або паляка, які разважае аб мэтазгоднасці адзінства сваёй дзяржавы, аб нейкіх альтэрнатыўных падыходах да асэнсавання мінулага. Думкі ў галаве такой няма і быць не можа - настолькі прадумана і дакладна сфарміравана канцэпцыя дзяржаўнасці і настолькі ж эфектыўна ўкараняецца праз усе сферы жыцця. Такая ж адназначнасць у ацэнках павінна быць і ў нас.

І на заканчэнне, калі гаварыць пра ключавыя аспекты дырэктывы, то варта звярнуць увагу на тое, што ў дакуменце дакладна вызначаюцца паняцце, мэта, задачы, асноўныя формы ідэалагічнай работы, суб'екты яе рэалізацыі. Акрамя таго, дырэктыва ўстанаўлівае ключавыя падыходы да арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўным калектыве і прадугледжвае абавязак рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы ва ўсіх сферах і суб'ектах гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці. Персанальная адказнасць за стан ідэалагічнай работы ўскладаецца на кіраўніка калектыву або галіны.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі