Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лютага 2022, 15:31

Піневіч: з усплёскам амікрона мы не ўбачылі нагрузкі на стацыянары

2 лютага, Глыбокае /Кар. БЕЛТА/. З усплёскам захваральнасці людзей на амікрон-штам не заўважана нагрузкі на стацыянары, паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка ведамства, Міністэрства аховы здароўя прагназавала ўзрыўны рост захваральнасці з-за прыходу амікрона. У першую чаргу гэта датычылася вялікіх гарадоў, асабліва Мінска. Цяпер у сталіцы амікрон практычна замяніў дэльта-штам і выцясняе вірусы грыпу, якія былі характэрныя тыдні два таму.

"Сёння і ўчора ў рэгіёнах колькасць асоб, якія звярнуліся ў амбулаторнае звяно, прыкладна ў 2,5-3 разы меншая, чым у панядзелак. Мы чакаем вялікую колькасць людзей на амбулаторным этапе, але не перагрузкі стацыянарнага звяна. Адбыўся нязначны рост колькасці шпіталізацый. Як правіла, амікрон-штам не нясе цяжкіх выпадкаў. Безумоўна, ёсць выключэнні, асабліва сярод людзей пажылога ўзросту", - расказаў міністр.

Цяпер узровень шпіталізацыі складае не больш як 30 працэнтаў ад асенняга піку, 25-30 працэнтаў пацыентаў у рэанімацыі. "З усплёскам захворвання мы не ўбачылі нагрузкі на стацыянары, але мы да яе гатовы. Гэта звязана з кіслародам, магчымасцю разгортвання ложкаў, наяўнасцю медыкаментаў, нашымі заклікамі вакцынавацца, атрымліваць бустарную дозу. Цяпер паліклінікі працуюць у напружаным рэжыме, але такой нагрузкі, як у панядзелак, ужо няма", - падкрэсліў Дзмітрый Піневіч.

Ён таксама растлумачыў прычыну адмены тэсціравання ў амбулаторным звяне. Паводле слоў кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, гэта не новая практыка - яна склалася ў мінулым і паказала сваю эфектыўнасць. Напрыклад, у дапандэмійны час пры надыходзе асенне-зімовага эпідэміялагічнага сезона ўрачы ставілі дыягназ "ВРВІ", "ВРЗ". Потым з нейкага дня пачыналі ставіць "грып", а да гэтага так і не рабілі, і людзі задаваліся пытаннем: чаму? "Справа ў тым, што дазорныя даследаванні паказвалі, што з часам колькасць выяўленых вірусаў грыпу становіцца ўсё большая, усе пачынаюць захворваць. Тады мы разумелі, што надышоў перыяд грыпу, таму ўсім з прыкметамі інфекцыйнага захворвання выстаўляўся дыягназ. Тым больш гэта не ўплывае на алгарытмы меддапамогі. Таму цяпер на амбулаторным этапе практычна ўсе выпадкі з прыкметамі вірусных захворванняў з'яўляюцца каранавіруснай інфекцыяй, абумоўленай амікрон-штамам. Сэнсу няма праводзіць тэсціраванні, ніякіх спецыяльных метадаў лячэння ў амбулаторным парадку няма. Але вось калі з'яўляюцца ўскладненні, то пацыенты, якія трапляюць у стацыянар, абавязкова здаюць тэсты", - растлумачыў Дзмітрый Піневіч.

Колькі яшчэ прадоўжыцца пятая хваля каранавіруса, пакуль дакладна ніхто сказаць не можа. Спецыялісты асцярожна выказваюць надзеі, што хваля амікрона папярэднічае пераходу COVID-19 у стандартныя сезонныя захворванні. Каранавірус у будучым нікуды не сыдзе, таму беларусаў будзе абараняць вакцынацыя, як і ў выпадку з грыпам.

Сёння міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка прынялі ўдзел у адкрыцці кабінета камп'ютарнай тамаграфіі (КТ) у бальніцы ў Глыбокім. Госці адзначылі, што гэта дасць новыя магчымасці для выяўлення хвароб, улічваючы пандэмію. Людзям не трэба будзе ездзіць за дыягностыкай у Полацк, Віцебск або Мінск. КТ будзе абслугоўваць жыхароў Глыбоцкага, Докшыцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. З адкрыццём тамографаў у Лепелі, Полацку і Глыбокім Віцебская вобласць больш як на 90 працэнтаў "закрыта" абследаваннямі метадамі нейравізуалізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі