Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 лістапада 2021, 19:04

Піневіч: у крытычных сітуацыях пандэміі праяўляецца характар як людзей, так і краін

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У крытычных сітуацыях пандэміі праяўляецца характар як людзей, так і краін, заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч перад падпісаннем у Міністэрстве аховы здароўя акта прыёму вакцыны ад каранавіруса Vero Cell, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Подпіс пад дакументам, акрамя міністра аховы здароўя, паставіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн.

Паводле слоў Дзмітрыя Піневіча, крызіс пандэміі паказаў асаблівыя дружалюбныя адносіны Беларусі і Кітая. "Хачу яшчэ раз падкрэсліць: менавіта ў крытычных сітуацыях праяўляецца характар як асобных людзей, так і асобных краін. Крызіс пандэміі паказаў нашы асаблівыя дружалюбныя адносіны, супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў галіне барацьбы з ёй можам лічыць узорным", - сказаў ён.

Міністр адзначыў: дынамічнае развіццё беларуска-кітайскіх палітычных і гандлёва-эканамічных сувязей абумоўлена ў першую чаргу агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на найважнейшыя праблемы сусветнага парадку дня. "У нас адбываецца актыўны палітычны дыялог, актыўныя эканамічныя сувязі, сфарміраваны дружалюбны клімат, спрыяльны для развіцця нашага ўзаемадзеяння ў многіх сферах, у тым ліку ў галіне аховы здароўя", - сказаў ён.

Дзмітрый Піневіч нагадаў, што па распараджэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі Беларусь першая ў свеце накіравала ў Кітай самалёт з гуманітарнай дапамогай, потым была пастаўка другой партыі. У сваю чаргу Кітай таксама першым падставіў плячо Беларусі, калі пандэмія прыйшла і сюды.

Сёння ноччу самалётам з Пекіна былі дастаўлены чарговыя 500 тыс. доз вакцыны, якую кітайскі бок перадаў Беларусі ў якасці замежнай бязвыплатнай дапамогі. Бязвыплатна перададзены і 500 тыс. шпрыцаў. Адзін мільён доз вакцыны Міністэрства аховы здароўя Беларусі закупіла ў Кітая. "Мы зацікаўлены ў далейшым стратэгічным супрацоўніцтве, у тым ліку з кампаніяй Sinopharm", - адзначыў Дзмітрый Піневіч.

Як дадаў Се Сяаюн, гэта ўжо чацвёртая партыя кітайскай вакцыны, прадстаўленая ў якасці гуманітарнай дапамогі. Паводле яго слоў, гэта даказвае высокі ўзровень адносін паміж дзвюма краінамі і дэманструе глыбокую дружбу паміж іх народамі.

Акрамя гуманітарнай дапамогі і прадастаўлення вопыту ў барацьбе з эпідэміяй, кітайска-беларускае супрацоўніцтва развіваецца і ў галіне стварэння прэпаратаў, адзначыў пасол. У "Вялікім камені" пачалі сумесна распрацоўваць і вырабляць прэпараты традыцыйнай кітайскай медыцыны. "Хачу паведаміць, што 14 кастрычніка прэпараты, распрацаваныя і вырабленыя рэзідэнтам парка, ужо атрымалі дазвол на экстраннае выкарыстанне ў Беларусі, выдадзенае Міністэрствам аховы здароўя", - сказаў ён.

Се Сяаюн выказаў упэўненасць, што кітайская вакцына, эфектыўнасць і бяспека якой прызнаны ўжо міжнароднай супольнасцю, а таксама новыя прэпараты абавязкова адыграюць сваю ролю ў барацьбе з пандэміяй. "Кітайскі ўрад гатовы і ў далейшым аказваць нашаму сябру - Беларусі - пасільную падтрымку і прыкладаць намаганні, каб дабіцца канчатковай перамогі ўсяго чалавецтва ў барацьбе з пандэміяй", - сказаў на заканчэнне пасол.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі