
8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Распрацоўка айчыннай вакцыны ідзе па графіку, расказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у інтэрв'ю "СБ - Беларусь сегодня", паведамляе БЕЛТА.
"З графікам усё ў парадку, да 2023 года плануем зарэгістраваць беларускую вакцыну. Давядзецца яе выпускаць масава або не, пытанне часу. Але мы павінны быць у поўнай меры гатовы да любой эпідэміі", - сказаў Дзмітрый Піневіч.
Ён растлумачыў, што спачатку прадугледжваецца доследна-прамысловая вытворчасць, ад якой чакаюць атрымаць станоўчы эфект. І толькі потым дзяржава будзе траціць рэсурсы на маштабіраванне выніку.
"Асноўная задача - пабудаваць у Віцебску завод інактываваных вакцын. З'явіцца платформа, на аснове якой можна выпускаць прэпараты супраць любой інфекцыі. Там жа арганізуем правядзенне комплексу даклінічных і клінічных даследаванняў - тое, чаго ніколі не было ў Беларусі. Адкрыецца шырокая палітра магчымасцей, зможам іх выкарыстоўваць", - адзначыў міністр.-0-