25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч узнагародзіў Ганаровымі граматамі супрацоўнікаў Глабальнага фонду барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
Урачыстая цырымонія адбылася ў Жэневе, дзе Дзмітрый Піневіч прымае ўдзел у рабоце 150-й сесіі Выканкама СААЗ.
Валерыя Грышачкіна, Ніно Мдзівані і Ганна Балахавец працуюць па праектах Глабальнага фонду і звязаны з рэалізацыяй мерапрыемстваў як па асноўнай дзейнасці, так і па барацьбе з COVID-19. На 2022-2024 гады фонд выдзеліў Беларусі чарговы грант на больш як $30 млн. За перыяд супрацоўніцтва (з 2004 года) у Беларусь прыцягнута фінансаванне на больш як $135 млн.
У 2020 годзе фонд аказаў падтрымку краінам па барацьбе з COVID-19: Беларусі выдзелена каля $1,2 млн, у 2021 годзе - $8,410 млн.
Глабальны фонд барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй - міжнародная няўрадавая арганізацыя. Асноўная мэта дзейнасці - прыцягненне і далейшае размеркаванне рэсурсаў для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй.-0-