Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 чэрвеня 2021, 12:09

Піневіч: бязвыплатнае донарства - індыкатар сталасці грамадства

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бязвыплатнае донарства з'яўляецца індыкатарам сталасці грамадства, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Бязвыплатнае донарства з'яўляецца індыкатарам фарміравання грамадства, яго сталасці, яго гатоўнасці да садзейнічання аказанню дапамогі пацыентам, якія ў гэтым маюць патрэбу", - сказаў Дзмітрый Піневіч.

Беларусь разлічвае поўнасцю перайсці на бязвыплатнае донарства. Гэта прадугледжана законапраектам "Аб змяненні законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў". Як тлумачаць спецыялісты, такое донарства адпавядае міжнароднай практыцы і не азначае бясплатнае донарства. Тым, хто здае кроў бязвыплатна, кампенсуюць, напрыклад, затраты на харчаванне для аднаўлення пасля працэдуры. Інакш кажучы, яны не атрымліваюць выгады, але і не нясуць фінансавых затрат.

Дзмітрый Піневіч заўважыў, што донарства бязвыплатнае толькі часткова, таму што кампенсацыйныя выплаты будуць заставацца. "Сказаць, што яно нічога не каштуе, нельга, яно каштуе для дзяржавы. Але важны сам прынцып", - дадаў ён.

Паводле слоў міністра, донарская кроў сёння менш неабходна ў экстранных сітуацыях, паколькі праводзіцца больш планавых аперацый. Пры гэтым кроў патрэбна ў сувязі з развіццём новых медыцынскіх тэхналогій пры аказанні дапамогі дзецям і дарослым - той катэгорыі, жыццё якіх без гэтага немагчыма. "Кожны, хто прыходзіць і здае кроў, дорыць сваю часцінку нашым дзецям і дарослым, грамадзянам краіны, якія маюць патрэбу ў гэтай дапамозе", - сказаў ён.

Што датычыцца пералівання імуннай плазмы пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, як заўважыў Дзмітрый Піневіч, Беларусь адна з першых укараніла гэты метад. Разам з тым плазму рэканвалесцэнтаў не пераліваюць масава, гэты метад мае свае дакладныя паказанні і проціпаказанні.

У цэлым законапраектам "Аб змяненні законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў" плануецца комплекснае рэгуляванне адносін, як звязаных з донарствам, так і з прамысловай вытворчасцю лекавых сродкаў з крыві, яе кампанентаў, забеспячэнне даступнасці да жыццёва важных лекавых сродкаў з плазмы крыві.

За 2020 год у краіне прынялі ўдзел у данацыях каля 90 тыс. донараў крыві, яе кампанентаў. Выкананы нарматывы дзяржаўнага забеспячэння патрэбнасцей арганізацый аховы здароўя для планавай і экстраннай трансфузіялагічнай дапамогі. Нацыянальная служба крыві поўнасцю забяспечвае арганізацыі аховы здароўя Беларусі дыягнастычнымі наборамі ўласнай вытворчасці, а таксама асноўнымі лекавымі сродкамі з плазмы крыві чалавека.

Беларусь у ліку першых у свеце арганізавала сістэмную работу з донарамі-рэканвалесцэнтамі па нарыхтоўцы плазмы імуннай анты-COVID-19. Падрыхтаваны загады Міністэрства аховы здароўя, якія рэгламентуюць параметры якасці і пратаколы пералівання такой плазмы, распрацавана тэхналогія вытворчасці лекавага сродку імунаглабулін супраць віруса SARS-CoV-2 з плазмы імуннай анты-COVID-19. Атрыманы першыя ўзоры імунаглабулінаў накіраванага дзеяння з пацверджанай віруснейтралізуючай актыўнасцю.

Сёння ў Сусветны дзень донара на базе вучэбнага цэнтра Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Піневіч здаў кроў.-0-

Фота Паўла Арлоўскага

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі