Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 ліпеня 2022, 12:41

Петрышэнка: вучэбна-лабараторны корпус Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка гатовы на 90 працэнтаў

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вучэбна-лабараторны корпус Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка гатовы на 90 працэнтаў. Аб гэтым падчас наведвання аб'екта расказаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Будаўнічыя работы амаль завершаны, абсталяванне закуплена, практычна гатова ўсё камплектаванне з улікам тэхналагічных асаблівасцей. Будаўнікі ідуць з апярэджаннем графіка, - расказаў Ігар Петрышэнка. - Ступень гатоўнасці жылога комплексу таксама высокая, яна складае каля 90 працэнтаў. У тэхнапарку ўсё зроблена для таго, каб дзеці маглі паглыбляцца не толькі ў навучанне, але і ў якаснае правядзенне вольнага часу. Дзеці могуць рэалізаваць свой творчы і тэхнічны патэнцыял".

Акрамя таго, пашыраецца спектр напрамкаў, па якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка дзяцей у тэхнапарку. Да ўжо існуючых пяці дабавяцца яшчэ пяць. У верасні будуць дадаткова адкрыты напрамкі "Інфармацыйная бяспека", "Электроніка і сувязь", "Нанаіндустрыя і нанатэхналогіі", "Энергетыка будучыні", "Архітэктура і дызайн".

"З 1 верасня мы плануем набіраць у адукацыйную змену сто чалавек замест сарака. У бягучым годзе навучаецца 6 груп па 40 чалавек, гэта значыць 240 чалавек прайшлі падрыхтоўку на базе парка. Падрыхтоўку ў тэхнапарку прайшла і Настасся Більдзь, якая набрала максімальныя 400 балаў для паступлення ў БДУІР", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, у далейшым плануецца ўдасканальваць падрыхтоўку дзяцей у тэхнапарку, суправаджаць іх пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і пасля заканчэння садзейнічаць іх працаўладкаванню. "Цяпер Міністэрства адукацыі сумесна з зацікаўленымі адпрацоўвае сістэму "бясшвовага" ўваходжання ў прафесію пасля атрымання вышэйшай адукацыі", - сказаў на заканчэнне намеснік прэм'ер-міністра.

У бягучым годзе ў правілах прыёму ёсць навінка: навучэнцы, якія паспяхова прайшлі курс навучання ў тэхнапарку, могуць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, ліцэі і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы без здачы ўступных іспытаў па накіраванні наглядальнага савета.

Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк дзейнічае з 1 студзеня 2021 года. У інфраструктуры прадугледжаны школа, вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат на 300 месцаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі