Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 сакавіка 2023, 13:03

Петрышэнка: у Беларусі актывізаваўся ўнутраны турызм, развіваем розныя напрамкі ва ўсіх рэгіёнах

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі актывізаваўся ўнутраны турызм, ва ўсіх рэгіёнах краіны развіваюцца розныя турыстычныя напрамкі. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка перад пасяджэннем Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На фоне аспектаў, звязаных з COVID-19, мы ўбачылі, што ўнутраны турызм актывізаваўся, людзі сталі больш ездзіць па краіне. Інфраструктура ў нас добрая, яна падцягваецца пад патрэбнасці нашых грамадзян. Усё зроблена для камфорту турыстаў", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Турыстычная сфера функцыянуе незалежна ад сезона. У краіне развіваюцца самыя розныя напрамкі, у тым ліку прамысловы, аздараўленчы, медыцынскі, адукацыйны турызм. "У мінулым годзе мы ўзмацнілі турыстычны напрамак ва ўсіх рэгіёнах, у прыватнасці на ўзроўні кожнага раёна створана каардынуючая структура. Турызм дае пэўную прыбаўку ў валавы рэгіянальны прадукт. Таксама мы рэалізуем новыя ініцыятывы ў кожным з нашых рэгіёнаў, якія дадуць магчымасць прыцягнуць як унутраных турыстаў, так і турыстаў з дружалюбных нам дзяржаў, у першую чаргу РФ, Узбекістана і іншых краін СНД, Кітая. Нашы структуры ездзяць у РФ на розныя мерапрыемствы, удзельнічаюць у выстаўках, каб прыцягнуць турыстаў з розных рэгіёнаў РФ. Адкрываюцца новыя авіярэйсы - ва Уфу, Ніжні Ноўгарад. Дзякуючы гэтаму разлічваем на дадатковы турыстычны паток да нас у краіну", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Попытам карыстаецца аздараўленчы турызм. "Нават у перыяд пандэміі нашы здраўніцы запаўняліся прыкладна на 70 працэнтаў. У бягучым годзе здраўніцы запоўнены пад 90 працэнтаў, а ў летні сезон нават больш. Мы ўдасканальваем матэрыяльна-тэхнічную базу. Людзі з задавальненнем прыязджаюць у нашы здраўніцы, таму што атрымліваюць вельмі шырокі комплекс паслуг. Актыўна развіваецца не толькі аздараўленчы, але і медыцынскі турызм, людзі вельмі актыўна едуць, таму што іх задавольваюць цэнавыя і якасныя параметры, эфектыўнасць вельмі высокая. Турыстычнае сарафаннае радыё працуе", - звярнуў увагу Ігар Петрышэнка.

У мінулым годзе дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся 15 новымі аб'ектамі спадчыны. Ён налічвае больш за 5 тыс. пунктаў. Гэта месцы прыцягнення для беларусаў і гасцей краіны.

Акцэнт зроблены і на патрыятычным турызме. Генеральная пракуратура сумесна з Міністэрствам адукацыі правялі маштабную работу па стварэнні ў музеях 315 экспазіцый, прысвечаных тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Апошняя серада кожнага месяца - бясплатны дзень наведвання музеяў навучэнцамі, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную адукацыю. Колькасць наведвальнікаў у перыяд з верасня па снежань 2022 года склала 81 тыс. Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, практыка будзе прадоўжана.

Ён таксама запрасіў усіх жадаючых наведаць выстаўку турыстычных паслуг "Адпачынак-2023", якая пройдзе 13-15 красавіка ў Мінску ў абноўленым фармаце.

Міжведамасны экспертна-каардынацыйны савет па турызме пры Савеце Міністраў - дарадчы орган, на пляцоўцы якога сумесна з прадстаўнікамі дзяржорганаў, грамадскіх аб'яднанняў, асацыяцый, суб'ектаў туріндустрыі разглядаюцца і абмяркоўваюцца розныя прапановы, звязаныя з дзейнасцю ў сферы турызму, прымаюцца стратэгічныя рашэнні па развіцці і падтрымцы турыстычнай галіны ў краіне. Для вырашэння задач савета створаны рабочыя групы па відах турызму: аграэкатурызму, гастранамічнага, культурна-пазнавальнага, прамысловага і іншыя. Усяго на гэты момант у рамках МЭКСа дзейнічаюць 17 рабочых груп.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі