Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 ліпеня 2019, 14:15

Петрышэнка прапанаваў узмацніць падтрымку моладзі ў СД

18 ліпеня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка ў час пленарнага пасяджэння VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выказаўся за ўзмацненне падтрымкі моладзі ў Саюзнай дзяржаве і прадставіў некалькі прапаноў аб рабоце ў гэтым напрамку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нашых краінах выбудавана дзейсная сістэма падтрымкі моладзі - ад атрымання адукацыі да працаўладкавання выпускнікоў і дапамогі маладым сем'ям. Але неабходна рухацца далей. Мы бачым некалькі напрамкаў для работы", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Узмацненне маладзёжнай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што цяпер распрацоўваецца стратэгія маладзёжнай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. У гэтым дакуменце, на яго погляд, неабходна адлюстраваць маладзёжную (парламенцкую і грамадскую) дзейнасць, пытанні працы і бізнесу, падрыхтоўкі сучасных кіраўніцкіх кадраў.

"Да распрацоўкі стратэгіі нам неабходна падключыць максімальна вялікую колькасць маладых людзей і ў першую чаргу праз актыўную інфармацыйную работу. Нягледзячы на тое, што маладзёжная тэматыка шырока прадстаўлена ў медыяпрасторы, трэба нарошчваць яе паток, пры гэтым дакладней факусіруючыся на асноўнай мэтавай аўдыторыі. Трэба шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт, напрыклад, стварыць маладзёжны сеткавы рэсурс для ахопу большай колькасці нашай моладзі інфармацыяй аб жыцці і магчымасцях Саюзнай дзяржавы", - прапанаваў Ігар Петрышэнка.

Падтрымка маладых талентаў

Гэты напрамак павінен стаць адным з прыярытэтаў маладзёжнай палітыкі ў Беларусі і Расіі, падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра. Ён адзначыў, што ў Саюзнай дзяржаве традыцыйна праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, але і гэтага мала.

"Прапануем разгледзець магчымасць заснавання стыпендыі Саюзнай дзяржавы для падтрымкі таленавітай моладзі", - сказаў Ігар Петрышэнка. Таксама, лічыць ён, неабходна стварыць сумесны банк даных аб маладых людзях, якія навучаюцца ў абедзвюх краінах.

Развіццё маладзёжных прадпрымальніцкіх ініцыятыў

"Не можа не хваляваць тэма падтрымкі маладзёжных прадпрымальніцкіх ініцыятыў. Час развіваць маладзёжныя бізнес-інкубатары, цэнтры трансферу тэхналогій, галіновыя лабараторыі, рэсурсныя цэнтры", - адзначыў віцэ-прэм'ер. Ён нагадаў, што раней ужо было прынята рашэнне стварыць беларуска-расійскі маладзёжны бізнес-інкубатар у Казані. Яго адкрыццё запланавана на 2020 год.

Акрамя таго, дадаў Ігар Петрышэнка, неабходна актывізаваць работу па стварэнні на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта маладзёжнага тэхнапарка. Гэта ініцыятыва была падтрымана прэзідэнтамі абедзвюх краін.

Расшырэнне работы студэнцкіх атрадаў

"Важным крокам у развіцці шматгадовых традыцый моладзі з'яўляецца арганізацыя работы студэнцкіх атрадаў Саюзнай дзяржавы", - лічыць віцэ-прэм'ер. У мінулым годзе за межы Беларусі выехалі 18 студэнцкіх атрадаў агульнай колькасцю 430 чалавек. Некалькі расійскіх студатрадаў працавалі ў Беларусі.

"Але зноў жа - гэтага недастаткова", - падкрэсліў ён. На яго думку, неабходна павялічваць колькасць студэнцкіх атрадаў, якія працуюць у Беларусі і Расіі, і ствараць больш свабодных дружын.

Уключэнне моладзі ў валанцёрскую дзейнасць

Намеснік прэм'ер-міністра расказаў, што ў апошнія гады ў Беларусі актывізавалася работа па ўключэнні моладзі ў валанцёрскую дзейнасць: да гэтага руху ў краіне далучыліся больш за 60 тыс. маладых людзей.

"50 валанцёраў ад Беларусі прайшлі стажыроўку ў час правядзення чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, у сваю чаргу 100 маладых валанцёраў з Расіі сталі ўдзельнікамі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Мяркуем, што валанцёрскі рух у рамках Саюзнай дзяржавы патрабуе канцэнтрацыі намаганняў", - адзначыў Ігар Петрышэнка. Для гэтага можна стварыць адзіны электронны банк валанцёраў, прапанаваў ён.

Развіццё патрыятычнага турызму

Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу, што ў Беларусі і Расіі разгорнута сістэмная работа па развіцці маладзёжнага турызму. Пры гэтым, лічыць ён, важна больш расказваць аб гісторыі дзвюх краін, агульнай Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.

"Большасць школьнікаў павінна наведаць Брэсцкую крэпасць і Ржэў, Буйніцкае поле", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка. Гэта дасць магчымасць сфарміраваць у маладых людзей здаровы патрыятызм, процідзейнічаць інфармацыйным пагрозам, якія няславяць подзвіг савецкага народа і прыніжаюць уклад народаў Беларусі і Расіі ў перамогу ў Другой сусветнай вайне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі