Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лютага 2021, 16:15

Петрышэнка: прадпрыемствы рэгіёнаў павінны бачыць сваіх будучых спецыялістаў ужо сярод школьнікаў

16 лютага, Свіслач /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы рэгіёнаў павінны бачыць сваіх будучых спецыялістаў ужо сярод школьнікаў. Такое меркаванне сёння ў час рабочай паездкі ў Свіслацкі раён выказаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння Ігар Петрышэнка азнаёміўся са сферай адукацыі раёна, наведаў гімназію нумар 1 і сярэднюю школу нумар 2, спартыўную школу і школу мастацтваў. Ён падкрэсліў, што сацыяльнаму аспекту ў краіне ўдзяляецца павышаная ўвага.

"Моцныя рэгіёны - гэта не толькі новыя рабочыя месцы, прадпрыемствы і жыллё, але і стварэнне ўмоў для творчага і інтэлектуальнага развіцця, адпачынку, забеспячэнне стандартаў у адукацыі, роўных магчымасцей для паступлення ў ВНУ. Сёння на прыкладзе раёна мы бачым, што матэрыяльна-тэхнічная база і школы, і гімназіі адпавядае ўсім патрабаванням. Гэта і перааснашчаныя камп'ютарныя класы, і абсталяваныя ўсім неабходным вучэбныя кабінеты", - адзначыў Ігар Петрышэнка. Ён звярнуў увагу і на добрую аснашчанасць класаў, накіраваных на прафесійную арыентацыю і падрыхтоўку школьнікаў.

Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, гэтаму напрамку, як і развіццю мэтавай падрыхтоўкі, неабходна ўдзяляць павышаную ўвагу. Робіцца гэта для таго, каб малады чалавек, напрыклад, адвучыўшыся ў аграрным класе, пасля заканчэння ВНУ зноў вяртаўся на работу ў родны рэгіён. "Прадпрыемствы раёна павінны бачыць у гэтым школьніку свайго будучага спецыяліста, а значыць і ўдзельнічаць у яго падрыхтоўцы, прафесійным станаўленні", - звярнуў увагу віцэ-прэм'ер.

Ігар Петрышэнка адзначыў, што важны ў гэтых працэсах і рацыянальны падыход. Некалькі гадоў таму па аб'ектыўных дэмаграфічных прычынах была закрыта школа нумар 3 у Свіслачы. І дзеці, і педагогі без урону для камфорту, адукацыйнага працэсу перайшлі ў школу нумар 2. Будынак школы, якая не выкарыстоўваецца, плануецца перафармаціраваць пад фізкультурна-адукацыйны цэнтр, у якім размесцяцца трэнажорная зала, памяшканні для гульні, спартыўныя памяшканні, а таксама цэнтр дзіцячай творчасці. Адкрыць новы аб'ект плануюць да новага навучальнага года.

Былы інтэрнат на тэрыторыі школы раённыя ўлады плануюць пераабсталяваць пад арэнднае жыллё для маладых спецыялістаў. "Гэта яшчэ адзін з аспектаў моцнага рэгіёна, моцнага раёна, і гэта вельмі важна для замацавання маладых людзей, далейшага развіцця раёна", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што вельмі важна забяспечыць і гарманічнае развіццё дзяцей, каб яны не толькі атрымлівалі веды, але і ўдасканальваліся ў творчасці, а таксама заставаліся здаровымі і моцнымі.

"База для гэтага ёсць. Акрамя таго, у кіраўніцтва рэгіёна ёсць планы і бачанне далейшага яе развіцця, каб забяспечыць даступнасць заняткаў для ўсіх жадаючых", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.

Дарэчы, цяпер у Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў займаюцца звыш 300 дзяцей - гэта больш за 25 працэнтаў ад усёй колькасці навучэнцаў у раёне. Навучанне тут вядзецца па 4 напрамках дзейнасці - музычны, выяўленчы, харэаграфічны, дэкаратыўна-прыкладны. Выхаванцы школы актыўна выступаюць, неаднаразова станавіліся лаўрэатамі розных конкурсаў, паспяхова паступаюць у навучальныя ўстановы сферы культуры.

У Свіслацкай СДЮШАР цяпер займаюцца больш як 200 юных спартсменаў. Асноўныя напрамкі - валейбол і барацьба. Школа працуе паспяхова, яе выхаванцы выступаюць у нацыянальных зборных, адразу тры барцы са Свіслачы цяпер, напрыклад, прэтэндуюць на алімпійскія пуцёўкі ў Токіа. Некалькі гадоў таму была абноўлена зала для барацьбы, цяпер ёсць планы па пашырэнні і ўдасканаленні спартыўнай базы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі