Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 снежня 2021, 12:35

Петрышэнка: напярэдадні Новага года важна стварыць адчуванне свята для ўсіх дзяцей

29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Напярэдадні Новага года важна стварыць адчуванне свята для ўсіх дзяцей. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, які ў час навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" павіншаваў пацыентаў РНПЦ дзіцячай хірургіі са святамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У час акцыі "Нашы дзеці" мы імкнёмся павіншаваць кожнае дзіця. Асноўную ўвагу мы ўдзяляем дзецям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю - як сіротам, так і тым, хто вымушаны сустракаць Новы год на бальнічным ложку. Мы стараемся перадаць ім усю нашу цеплыню, стварыць адчуванне свята, сапраўднага цуду. Мары дзяцей павінны здзяйсняцца. Мы сёння ў РНПЦ дзіцячай хірургіі ўбачылі, што дзеці ў добрым настроі, ідуць на папраўку. Хочацца, каб дзеці менш хварэлі, больш часу праводзілі на свежым паветры, у гульнях. А нашы ўрачы прадоўжаць аказваць кваліфікаваную якасную медыцынскую дапамогу з выкарыстаннем перадавых тэхналогій", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Ігар Петрышэнка ўручыў маленькім пацыентам падарункі і павіншаваў іх з навагоднімі святамі. А кіраўніцтву РНПЦ дзіцячай хірургіі быў уручаны сертыфікат на абсталяванне для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. "Мы падарылі кандыцыянер, каб быў камфорт у прыёмным аддзяленні, паколькі праз гэта аддзяленне праходзяць усе дзеці і іх маці", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць з 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022 года. Штогод у час акцыі кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі мясцовых улад, грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі