Сцяг Аўторак, 17 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 мая 2025, 14:43

Першыя выплаты да Дня Перамогі ўручыла ветэранам у Мінску міністр працы і сацабароны

2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі цэнтралізавана стартавалі матэрыяльныя выплаты ветэранам Вялікай Айчыннай вайны да Дня Перамогі. Аб гэтым у час святочнага чаяпіцця з ветэранамі, блакаднікамі Ленінграда, былымі малалетнімі вязнямі фашысцкіх канцлагераў і працаўнікамі тылу ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна сталіцы нагадала міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, уручыўшы першыя канверты героям вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Майскія святы заўсёды былі сімвалам новага пачатку, дабра, цяпла, жыцця ў многім таму, што з першымі чысламі мая мы чакаем вялікае свята - Дзень Перамогі. Чым больш мы аддаляемся ад мая 1945-га (а мінула ўжо восем дзясяткаў гадоў), тым мацнейшая ў нас гордасць за мужнасць і подзвіг савецкага народа, беларускага народа, - сказала Наталля Паўлючэнка. - Перамога - гэта заваяванае права жыць на роднай зямлі, гэта яшчэ і мужнасць, якая спатрэбілася для адраджэння краіны".

Дзякуючы расказам сведкаў і ўдзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны, на долю якіх выпала выпрабаванне аднаўляць эканоміку, сёння вядома, як цяжка было вярнуцца да мірнага жыцця, наладзіць вытворчасць, нарадзіць дзяцей і выхаваць іх дастойнымі. З гэтай задачай героі, якія адстаялі Перамогу, справіліся, і цяпер ужо іх унукі і праўнукі, паводле слоў Наталлі Паўлючэнка, працуюць на карысць шчаслівага заўтра Радзімы.

"Мы стараемся радаваць вас добрымі навінамі, імкнёмся быць дастойнымі вас, жыць так, як вы нам завяшчалі, - дадала міністр, звяртаючыся да ветэранаў. - У любы час года, не толькі з нагоды знакавых дат, мы шчаслівы быць побач з вамі, бачыць вашы ўсмешкі і радасць у вачах, падтрымліваць вас. Сёння вам уручаны юбілейныя медалі, якія лічым важным дапоўніць матэрыяльным складнікам. Цяпер у гэтай зале я гордая пачаць ганаровую місію і ўручыць першыя канверты з матэрыяльнай дапамогай да Дня Перамогі. Нізкі вам паклон".

У гэтым годзе інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, як і людзі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, атрымаюць дапамогу ў памеры Br5 тыс.

Акрамя таго, узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якія працавалі на аб'ектах проціпаветранай абароны, мясцовай проціпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектаў у межах тылавых меж дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог, а таксама людзі, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаныя медалём "За абарону Ленінграда", як і ўзнагароджаныя знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда" да 80-годдзя Перамогі, атрымаюць Br2,5 тыс.

Выплату ў памеры Br1,5 тыс. атрымаюць члены сем'яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні, у тым ліку непаўналетнія, фашысцкіх канцлагераў, турмаў і гета, а таксама былыя непаўналетнія вязні іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны. Больш таго, выплаты належаць інвалідам з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі або калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў.

Выплаты матэрыяльнай дапамогі стартавалі сёння і прадоўжацца па 8 мая. На аднаразовую матэрыяльную дапамогу з рэспубліканскага бюджэту прадугледжана Br12,9 млн.-0-
Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі