Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 верасня 2020, 16:06

Першы этап беларуска-расійскага маладзёжнага форуму пройдзе 25 верасня ў фармаце відэаканферэнцыі

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы этап VIII Беларуска-расійскага маладзёжнага форуму пройдзе 25 верасня ў фармаце відэаканферэнцыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Ганчарова.

"Форум адбудзецца ў рамках праграмы VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Маладзёжны форум зарэкамендаваў сябе як добрая пляцоўка для рэалізацыі патэнцыялу маладога пакалення дзвюх краін. У бягучым годзе БРСМ сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі і Федэральным агенцтвам па справах моладзі Расіі прынялі рашэнне па правядзенні форуму ў два этапы. Першы з удзелам прадстаўнікоў маладзёжных арганізацыяй і грамадскіх аб'яднанняў Беларусі і Расіі стартуе 25 верасня. У Нацыянальным прэс-цэнтры будзе ісці трансляцыя відэаканферэнцыі з дапамогай платформы ZOOM. Другі этап запланаваны на снежань", - расказала Аляксандра Ганчарова.

Форум аб'яднае 60 чалавек: па 30 ад кожнага боку. Ва ўрачыстым адкрыцці прымуць удзел лідары БРСМ, асацыяцыі грамадскіх аб'яднанняў "Нацыянальны савет маладзёжных і дзіцячых аб'яднанняў Расіі", а таксама пачэсныя госці - прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі, Савета Рэспублікі і Федэральнага агенцтва па справах моладзі.

Потым пачне работу секцыя "Захаванне гістарычнай памяці". Маладыя палітолагі, заканадаўцы, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў выступяць з дакладамі па тэмах "Сучасныя падыходы да зберажэння гістарычнай памяці", "Маладзёжныя грамадскія ініцыятывы ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі", "Узаемадзеянне маладзёжных парламенцкіх арганізацый у справе захавання аб'ектыўнай гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў", "Фарміраванне патрыятычных каштоўнасцей моладзі і захаванне пераемнасці пакаленняў. Маладзёжны марафон "75", "Сучасныя тэхналогіі ў рабоце з дзецьмі і падлеткамі Музея Перамогі па захаванні гістарычнай памяці", "Роля грамадскіх арганізацый у фарміраванні нацыянальнай гістарычнай памяці дзяцей і моладзі", "Вопыт Валанцёраў Перамогі ў папулярызацыі вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны".

"Прадстаўнікі беларускага боку падзеляцца вопытам рэалізацыі рэспубліканскага маладзёжнага праекта "Поезд"#Беларусь. Моладзь. Натхненне". Будзе разгледжана пытанне "Аб рабоце Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі" і аб рэалізацыі міжнароднага гісторыка-культуралагічнага праекта "Лічбавая зорка", - адзначыла сакратар ЦК БРСМ.

Беларуска-расійскі маладзёжны форум праводзіцца з 2013 года па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Нацыянальнага савета маладзёжных і дзіцячых аб'яднанняў Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі