Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 кастрычніка 2014, 15:42

Першую ў Беларусі станцыю экспрэс-зарадкі для электрамабіляў адкрылі на выездзе з Мінска

9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першую ў Беларусі станцыю экспрэс-зарадкі для электрамабіляў адкрылі сёння на выездзе з Мінска (лагойскі напрамак), паведамілі БЕЛТА арганізатары мерапрыемства.

Станцыя экспрэс-зарадкі дае магчымасць зарадзіць акумулятар электрамабіля ўсяго за 30 мінут, што ў 12 разоў перавышае магчымасці некалькіх станцый, што знаходзяцца ў Мінску. Новы ўніверсальны комплекс экспрэс-зарадкі адпавядае стандарту CHAdeMO. Гэта стандарт хуткай зарадкі батарэі электратранспарту пастаянным токам праз спецыяльны раздым, які распрацаваны спецыяльна для электрамабіляў масавай вытворчасці. Магутнасць зарадкі складае 50 кВт.

Паводле слоў арганізатараў, рашэнне адкрыць экспрэс-станцыю на выездзе з Мінска, побач з буйным гандлёвым цэнтрам, прынята з улікам станоўчага замежнага вопыту. Ва ўсім свеце пункты зарадкі ўстанаўліваюцца ў месцах з найбольшай колькасцю людзей, а адпаведна і аўтамабіляў: побач з гандлёва-забаўляльнымі цэнтрамі, спартыўнымі збудаваннямі, адміністрацыйнымі будынкамі, цэнтральнымі плошчамі, а таксама на дарогах і магістралях з інтэнсіўным трафікам. "У Беларусі ўжо ёсць некалькі аўтамабіляў, якія запраўляюцца электрычнасцю. Мы ўпэўнены, што з'яўленне ў рэспубліцы сучаснага комплексу экспрэс-зарадкі павялічыць попыт у беларусаў на "зялёныя" аўтакары", - расказалі арганізатары.

У лік электракараў масавай вытворчасці, якія змогуць зарадзіцца на экспрэс-станцыі без дадатковага абсталявання, уваходзяць Kia Soul EV, Nissan e-NV200, Mitsubishi Outlander PHEV, Peugeot Partner, Mitsubishi Minicab-MiEV Truck, Honda Fit EV, Mazda Demio EV, Mitsubishi Minicab-MiEV, Citroen Berlingo, Nissan Leaf, Citroen C-Zero, Peugeot iON, Mitsubishi i-MiEV, Toyota eQ, Subaru Plug-in Stella, BD Otomotive eFiorino, BD Otomotive eTrafic Panel Van, BD Otomotive eKangoo Passenger. Эксклюзіўныя электрамабілі, а таксама тыя, што выпускаюцца абмежаванымі серыямі з прычыны сваёй дарагоўлі і ў сувязі з гэтым недаступнасці для пакупніка з сярэднім дастаткам, напрыклад Tesla Model S, змогуць зарадзіцца толькі пры наяўнасці спецыяльных пераходных раздымаў CHAdeMO.

Паводле апошніх даных УДАІ МУС, у Беларусі зарэгістраваны два электрамабілі. Прадстаўнік кампаніі-імпарцёра электрамабіляў у Беларусі расказаў, што да іх рэгулярна паступаюць званкі ад людзей, якія цікавяцца электрычнымі аўтамабілямі. Таму з'яўленне на тэрыторыі рэспублікі інфраструктуры для абслугоўвання электрамабіляў абавязкова будзе садзейнічаць папулярызацыі гэтага экалагічнага віду транспарту.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі