Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 красавіка 2024, 15:58

Пераможцаў першага рэспубліканскага конкурсу "Выхаваць чалавека" ўзнагародзілі ў Мінску

Фота Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Фота Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў першага рэспубліканскага конкурсу "Выхаваць чалавека", урачыстая цырымонія прайшла ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перамога дасталася адразу двум педагагічным калектывам: камандзе гімназіі нумар 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) з Гродна і камандзе сталічнай гімназіі нумар 15. У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

"Першымі быць складана. Вы першымі прадставілі свой неацэнны вопыт па фарміраванні духоўна-маральных якасцей асобы падрастаючага пакалення. Ваш вопыт будзе распаўсюджаны па краіне, ён павінен дайсці ў кожную ўстанову адукацыі. Я прашу вас не спыняцца на дасягнутым, рухайцеся наперад па шляху духоўнай і маральнай асветы нашай моладзі", - вітала суперфіналістаў Кацярына Пятруцкая.

Мітрапаліт Веніямін адзначыў, што праца выхавальніка нялёгкая. "Яна працяглая ў часе і шматклапатлівая, уключае ў сябе многія моманты, якія вызначаюць поспех справы. Яе можна параўнаць з працай садоўніка, які павінен правільна высадзіць расліну, акучыць, угнаяць, праполваць, паліваць, клапаціцца, каб сонца не пякло яе празмерна, насякомыя не шкодзілі, птушкі не дзяўблі плады. Шмат небяспек, шмат клопатаў, але заўсёды праца, калі яна ад сэрца, ад душы, дае магчымасць знаходзіцца на шляху вырашэння праблем. Важна пры гэтым, каб былі аднадумцы, каб садоўнік быў не адзін, а ў яго была каманда, тады будзе поспех. Вядома, людзі, адданыя сваёй справе, радуюцца працы ў надзеі, што будзе добры вынік. А калі збіраюць багаты ўраджай, то на гэтым не заканчваюць сваю працу. Яны думаюць, куды яшчэ можна развівацца. Гэта працэс творчы, ён улічвае многія фактары і патрабуе адданасці справе, тады будзе вынік. Хочацца пажадаць усім педагогам нашай краіны поспеху ў гэтым важным і адказным служэнні, якое вызначыць у будучым поспехі і нашай прамысловасці, і эканомікі, і касманаўтыкі. Паколькі чалавек, выхаваны на духоўна-маральных асновах беларускага народа, мае добрыя карані, ён жывіцца ад соку зямлі сваёй і мае спадзяванне на Бога, таму і добры вынік", - падкрэсліў уладыка.

Дырэктар гімназіі нумар 15 Мінска Элада Уласенка расказала, што на конкурс каманда ўстановы прадставіла сістэму работы па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні. "Гімназія ўжо больш за 30 гадоў працуе ў гэтым напрамку. Усё пачыналася з эстэтычнай адукацыі - нашага ўзорнага калектыву "Журавінка". Цяпер у гімназіі працуе гарадскі рэсурсны цэнтр духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання, на базе якога рэалізуецца мноства праектаў. Адзін з іх - "#Каранi", які мае некалькі напрамкаў. Напрыклад, "#КаранiПерамога" - праект, які ўключае віртуальную кнігу памяці, дзе вучні, бацькі, педагогі расказваюць аб членах сваёй сям'і, якія ваявалі, вызвалялі Беларусь, зведалі генацыд. Рэалізуецца таксама праект - інтэрактыўная карта "Гордасць за Беларусь" і карта "Свята-Мікалаеўскія храмы". У рамках першага кожны клас збірае інфармацыю аб рэгіёнах Беларусі, адкуль родам бацькі вучняў або педагогі, мы гаворым аб выдатных, знакавых мясцінах, прамысловасці рэгіёна. Усё гэта мы акумулявалі на сайце і зрабілі інтэрактыўную карту. Акрамя таго, вучні вывучылі каля 60 храмаў Беларусі. Мы наведваем кожны, вывучаем яго гісторыю, а інфармацыю размяшчаем на інтэрактыўнай карце. Прадуктам рэсурснага цэнтра стаў музейны пакой "Памяць нашчадкаў", дзе ўсе экспанаты прадастаўлены сем'ямі нашых вучняў і педагогаў. Ёсць экспазіцыя, прысвечаная вайне, быту, генацыду беларускага народа. Экскурсаводамі з'яўляюцца самі вучні. На прыкладзе сваёй сям'і дзеці вывучаюць гісторыю краіны. Мы спадзяёмся на выхаванне гарманічнага, духоўна-маральнага дзіцяці - патрыёта нашай краіны. А ў гэтым працэсе самае галоўнае - сістэмнасць. Важна стварыць такое асяроддзе, у якім дзіця не проста чуе, але паспрабуе ўсё, адчуе гэта. Калі дзеці пражываюць гісторыі сем'яў сваіх аднакласнікаў, яны не могуць заставацца безуважнымі і пачынаюць інакш ставіцца да падзей, звязаных з нашай краінай", - праінфармавала яна.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі