Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 мая 2019, 16:09

Пераможцаў 13 міжнародных алімпіяд будуць прымаць у ВНУ Беларусі без экзаменаў у 2019 годзе

10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі пастановай нумар 42 ад 29 красавіка 2019 года зацвердзіла пералік з 13 міжнародных алімпіяд, пераможцы якіх будуць прымацца ў беларускія ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі без уступных іспытаў у 2019 годзе. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Паступаць без экзаменаў для атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені, сярэдняй спецыяльнай адукацыі змогуць пераможцы (уладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені). У пераліку 60-я міжнародная матэматычная алімпіяда, 53-я міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі, 51-я міжнародная хімічная алімпіяда, 50-я міжнародная фізічная алімпіяда, 31-я міжнародная алімпіяда па інфарматыцы, 30-я міжнародная біялагічная алімпіяда, 16-я міжнародная геаграфічная алімпіяда.

У зацверджаным Мінадукацыі спісе таксама 8-я Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат, 13-я міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі, 15-я міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, 13-я міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы, 6-я міжнародная геаграфічная алімпіяда школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёна, алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і рускай літаратуры "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць" 2018 года.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі