Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 студзеня 2023, 16:00

Пажаданні дзяцей будуць улічаны: аб рэпетыцыі ЦЭ ў Гомельскай вобласці

30 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену ў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел 7480 адзінаццацікласнікаў, паведамілі БЕЛТА ў галоўным упраўленні адукацыі аблвыканкама.

Усяго зарэгістраваліся на экзамен 7596 навучэнцаў, аднак з'явіліся на РЦЭ - 7480. Юнакі і дзяўчаты адсутнічалі па розных прычынах, уключаючы хваробу, удзел у спаборніцтвах, пераезд на іншае месца жыхарства і інш.

Рэпетыцыя прайшла на базе пяці ВНУ, 16 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і пяці школ (у тых раёнах, дзе няма ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі).

Дакладна і камфортна арганізаваць працэс стараліся тысячы педагогаў школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў і ВНУ, а таксама работнікаў аддзелаў адукацыі. "Усюды быў арганізаваны прапускны рэжым, працавалі буфеты, дзяжурылі работнікі медыцынскай сферы і МНС", - падкрэслілі ў галоўным упраўленні адукацыі.

Першапачаткова ўсе ўдзельнікі РЦЭ сустракаліся ў сваіх школах, снедалі, атрымлівалі паўторны інструктаж, а потым накіроўваліся на рэпетыцыю экзамену. "Дзе неабходна, арганізавалі цэнтралізаваны падвоз дзяцей да пунктаў правядзення РЦЭ. У Гомелі і райцэнтрах вобласці пры невялікай адлегласці ад устаноў да пунктаў РЦЭ адзінаццацікласнікі разам з педагогамі дабіраліся пяшком", - растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Смірноў.

Таксама ў гэты дзень ва ўсе пункты правядзення РЦЭ былі накіраваны ўпаўнаважаныя прадстаўнікі - работнікі галоўнага ўпраўлення адукацыі і абласнога інстытута развіцця адукацыі. Працавалі рэспубліканскі і абласны штабы збору інфармацыі, куды кожныя дзве гадзіны сцякаліся даныя аб ходзе правядзення РЦЭ. Акрамя таго, у Гомельскай вобласці арганізацыю рэпетыцыі кантралявалі сем упаўнаважаных Міністэрства адукацыі і шэсць прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці. "Пасля заканчэння РЦЭ ўсе заданні былі запячатаны ў валізы, якія дастаўлены ў Мінск, у Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў", - дадаў Руслан Смірноў.

Юнакі і дзяўчаты дзяліліся сваім меркаваннем наконт арганізацыі рэпетыцыі ЦЭ. "Адзінаццацікласнікі адзначылі, што ўсё было арганізавана дакладна і зразумела для іх. Ступень складанасці заданняў кожны ацэньваў па-рознаму. Будучыя выпускнікі разумеюць: у іх яшчэ ёсць рэзерв чатыры месяцы вучобы, каб падрыхтавацца на больш высокім узроўні. Таксама з улікам пажаданняў дзяцей у маі будзе перагледжаны час прыходу на асобныя пункты РЦЭ - у некаторых выпадках навучэнцы збіраліся загадзя, і ім давялося доўга чакаць да 11 гадзін раніцы, каб пачаць тэсты", - расказаў Руслан Смірноў.

У цэлым, падкрэслілі ў галоўным упраўленні адукацыі, у Гомельскай вобласці рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену прайшла зладжана і арганізавана.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі