
29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святлана і Ігар Буйняковы - уладальнікі аграсядзібы з кантактным заапаркам і вядомыя блогеры. Сваім падпісчыкам у сацсетках яны расказваюць, як на ўскраіне вёскі Чапялі ў Салігорскім раёне жывуць больш за 200 жывёл і птушак, сярод якіх нямала экзатычных.
Прапанову дзяўчыне Ігар зрабіў, калі ім абодвум споўнілася па 19. Першы час жылі ў Салігорску, але праз 10 гадоў галава сямейства, да таго часу ўжо шматдзетнага, прапанаваў пераехаць у Чапялі. "Хацелася даказаць родным, што ў вёсцы можна жыць лепш, чым у горадзе! Хоць бабуля Маня мне і гаварыла: «Зямля не робіць чалавека багатым, а робіць гарбатым»", - расказвае Ігар.
Сям'я Буйняковых - героі нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы прыехалі да іх у госці не толькі для таго, каб пачуць іх кранальную гісторыю кахання, але і зразумець, навошта яны перабраліся з горада ў вёску і пры якіх умовах у сельскім заапарку можа з'явіцца зебра і слон.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-
Ігар і Святлана пазнаёміліся ў Чапялях, калі абодвум было ўсяго па 16 гадоў. Хлопец прыехаў на летнія канікулы да бабулі Марыі Пятроўны. Сям'я дзяўчыны прыбыла з Казахстана. Ігар адразу заўважыў новенькую - прыгожую і смелую. Света таксама вылучыла сярод іншых бойкага маладога чалавека. Ды і як яго было не заўважыць: ён будаваў выдатныя шалашы, ганяў на конях, катаў за вёскай хлапчукоў і дзеўчанят на "Запарожцы". "Мы са Светай былі быстрымі, шухернымі, таму і запалі адзін на аднаго", - прызнаецца галава сямейства.


Цяпер Буйняковы жывуць на два дамы: у трохпакаёвай кватэры ў Салігорску, дзе вучацца іх дзеці, у асноўным начуюць, а ўвесь працоўны дзень Святлана і Ігар працуюць у вёсцы - даглядаюць жывёл, прымаюць гасцей. У выхадныя да бацькоў падключаюцца малодшыя дзеці - Рэнат і Дабрыня, старэйшы Мікіта цяпер служыць у арміі. Дарэчы, назву кантактнаму заапарку Буйняковы склалі з першых літар імёнаў сыноў - ДоРэНі.

Пачынаць экзатычны бізнес з нуля было вельмі няпроста. Першыя складанасці ўзніклі яшчэ на этапе куплі зямлі пад утрыманне жывёл. "Потым з'яўляліся і іншыя праблемы, часам самыя нечаканыя, - успамінае Ігар. - Напрыклад, мы купілі вярблюдзіцу Ізабелу. Патрацілі ўсё, што сабралі на машыну. Доўга спрабавалі адвучыць Ізабелу плявацца. Нічога не атрымлівалася, пакуль адна жанчына не дала параду: перад сустрэчай з вярблюдзіцай надзець капелюшы з вялікімі палямі, апусціць галаву ўніз і рабіць выгляд, што да Ізабелы няма ніякай справы. І гэта спрацавала!" А машыну Буйняковы ўсё ж купілі, толькі крыху пазней. Сёння яны на сваім «Рэно» курсіруюць паміж Салігорскам і Чапялямі.


Дарэчы, вярблюдзіца - любіміца Святланы. А яе сыны больш за ўсё радаваліся, калі ў заапарку з'явіўся шэтландскі поні Джулі. Рэнат нават вызваўся сам коніка аб'ездзіць: падаў, набіваў гузы, але прадаўжаў сваю справу, пакуль Джулі не стала паслухмянай. Сёння гэта капрызная «дама» хоць час ад часу і намагаецца ўхіляцца ад работы, але часцей за ўсё з вялікім задавальненнем катае дзетак, якія прыязджаюць у заапарк. Цяпер у ім шмат экзотаў, у тым ліку аўстралійская казуарападобная птушка эму, лама, снежныя грузінскія пясцы, высакародны алень, шаўковая курыца, паўлін.

У 2023 годзе ўладальнікі аграсядзібы прайшлі перарэгістрацыю. Цяпер дом, у якім раней жылі самі, здаюць гасцям. А каб прыцягнуць у кантактны заапарк больш наведвальнікаў, муж і жонка пачалі весці блог - кожны свой. Цяпер толькі ў Ігара 70 тыс. падпісчыкаў. "У блогах расказваем, што сельская гаспадарка - гэта цудоўна. Заклікаем пераязджаць з горада ў вёску, дзе можна атрымліваць асалоду ад жыцця на прыродзе, - гаворыць Святлана. - Так, дзеля гэтай свабоды трэба шмат працаваць, але ты ж працуеш на сябе".

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-